Пачынаючы расповед пра наш побыт у Камеруне варта трошкі распавесці пра перадгісторыю выезду. Падаецца, што гэта цікавіць людзей не меней, чым сама гісторыя. Сёння некалькі словаў прысвечым таксама самой краіне. Нельга не прамінуць падзякі, пра якія ніжэй.
Нараджэнне
Пасля знаёмства з польскім місіянерам Дарыюшам Гадавай OP было вырашана дапамагчы Foyer St. Dominique – місіі ў Яундэ. Кс. Біскуп А. Кашкевіч падтрымаў гэтую ініцыятыву і на працягу некалькіх месяцаў мы ездзілі па розных парафіях, распавядалі пра ініцыятыву і збіралі ахвяры на гэтую мэту. У выніку было сабрана больш за 10 тыс. даляраў. Дзякуючы гэтым сродкам мы змаглі набыць квіткі на самалёт, зрабіць прывіўку ад жоўтай ліхарадкі і атрымаць камерунскую візу. Усё астатняе - для дзяцей. Дзякуй усім, хто больш ці менш прыхільна ставіўся да нашай ідэі!
Падчас збору ахвяры ў Лідзе
Т.зв. "жоўтая кніжачка" - без адпаведнага штампу ў якой вас не ўпусцяць у Камерун
Камерун
Гэта краіна ў цэнтральнай Афрыцы. Паводле статыстыкі ААН - вельмі бедная ў параўнанні з намі і нічога сабе ў параўнанні з суседкамі. Людзей там амаль у 2,5 разы больш, чым у Беларусі. Каталіцызм – самая вялікая канфесія, разам з пратэстантамі яны складаюць 60% насельніцтва. Самае цікавае, што амаль палова насельніцтва з-за высокай смяротнасці - дзеці. Таму настаўнікі малодшых класаў і педагогі ўвогуле там, напэўна, без працы не сядзяць.
Чым мы будзем займацца
Да канца мы і самі не ведаем. Але ўявіце сабе 30 дзяцей у адным доме. Пры гэтым іх узрост вагаецца ад 3 да 20 гадоў. Кожны патрабуе ўвагі, кожны патрабуе канкрэтнай дапамогі. Таму нас чакае роля старэйшага брата і старэйшай сястры, якія проста жывуць і дапамагаюць сваім малодшым. Без пафасу і для далікатных.
Падчас спаткання з а. Дарыюшам і адной з яго выхаванак Соняй Анзонг
Супольны здымак з апостальскім нунцыем Клаўдыё Гуджэроцці пасля сустрэчы
Дзякуй
Кожнаму і кожнай. За кожную малітву, за кожны рубель, за кожнае цёплае слова. У такія моманты адчуваецца, што мы – Касцёл. Забіраем з сабою гэтыя дзве спадарыні і паспрабуем пазнаёміць з імі нашых падапечных.
Вось так. Вылятаем з Берліна, у Стамбуле змяняем самалёт і накіроўваемся ў Яундэ. З Богам.