Каля 20 тыс. дзяцей, малодшых за 5 год, памірае ў Афрыцы кожны дзень. Некаторыя людзі вырашаюць пакінуць утульныя кватэры і ехаць туды, каб дапамагаць. Аб каханні і будучай місіі ў Камеруне распавядае Арцём.
Мы з маёй дзяўчынай заўсёды хацелі паехаць на місіі. Мы шмат аб гэтым размаўлялі, шукалі розныя прапановы ў інтэрнэце. Гэта было нашай марай. У сэрцы была надзея, што калісьці мы напэўна дзесьці паедзем, што калісьці мы зробім штосьці большае.
Раптоўна адбыўся цуд. Марта захварэла, я пайшоў адзін на св. Імшу. І на гэтай Імшы айцец-дамініканін расказваў пра сваю місію ў Камеруне, збіраў грошы, запрашаў маладых людзей, каб да яго прыязджалі. Я прыйшоў дахаты і распавёў усё Марце. Такое рашэнне ў нас ужо было, не трэба было шмат размаўляць. Мы ўжо ведалі, што хочам туды паехаць.
У той сам вечар я знайшоў айца на Фэйсбуку, напісаў да яго. Мы сустрэліся, ён без прыгожай афарбоўкі некалькі гадзін распавядаў нам, як працуе ў Камеруне, што там насамрэч робіцца. Ён адразу нам сказаў, што чакае нас цяжкая праца, часам проста не да вытрымання. Тады я ўжо напэўна ведаў, што Бог даў нам гэтага святара.
А. Дар’юш Гадава працуе з дзецьмі ў Камеруне ўжо 20 гадоў, на дадзены момант пад яго апекай 230 дзяцей, з якіх 200 жыве са сваімі сем’ямі, а 30 у Доме Дзіцяці, арганізаваным і збудаваным айцом. Яны маюць дах над галавой, цёплую ежу, медыцынскую апеку і супольнасць. За сваю жыццёвую мэту айцец Дар’юш абраў паляпшэнне жыцця камерунскіх дзяцей, ставячы перадусім на магчымасць адукацыі і спаўненне першасных жыццёвых патрэбаў. Канешне, яны жывуць бедна, але тое, што робіць гэты чалавек – неверагодна.
Каханне на выпрабаванне
Ці пастанова выезду – гэта наш выраз любові? Не думаю. Гэта ўласны выбар кожнага з нас. Я б не хацеў казаць шмат прыгожых слоў, але мне падаецца, што гэта рашэнне вынікае з пэўнай дасканаласці ў веры. Прыйшоў такі момант, калі я зразумеў, што я маю шмат і што я проста павінен гэтым падзяліцца.
Гэта дробязі, але з гэтага складваецца маё разуменне жыцця. Я заўсёды з’ядаю ежу да канца, бо памятаю пра дзяцей, якія ўвогуле гэтага не маюць. Эканомлю ваду, электрычнасць. Стараюся браць мінімум, якога мне хопіць на жыццё.
З Мартай мы стараемся будаваць нашае каханне, абапіраючыся на тое, каб наша сувзяь не была ўзаемнай адарацыяй і гларыфікацыяй. Мы павінны разам аддаваць сваю любоў іншым, дзліцца ёй, трансмітаваць сваю веру. Вялікая кватэра, дарагі аўтамабіль і іншыя радасці жыцця – гэта, канешне, важнае, але другараднае. Мы не ідэальныя, мы сварымся. Але як папа Францішак кажа: “Цяжары носім”.
Бацькі
Шчыра кажучы, я думаў, што мае бацькі будуць рэагаваць вельмі спакойна, нават з павагай. Для мяне было здзіўляльным тое, што дома пачаўся гоман. Мама казала, што я магу там памерсці, тата – каб лепш дапамагаў бедным у сваім краі, навошта дзесьці ехаць. Аднак Марта падыйшла да размовы з розумам: адразу сказала сваім бацькам, што ўсе страшэнныя апавяданні пра забітых валанцёраў – стэрэатыпы. Што будзе мець, што есці, дзе спаць. Расказала ўсё пра тых камерунскіх дзяцей, якія чакаюць дапамогі. Але апошняй кропляй у прыняцці татам і мамай яе выезду было тое, што Марта ўспомніла пра нейкага дальняга сваяка, які калісьці таксама там быў, і нічога з ім не зрабілася.
У кухні ў маім доме кожны абед пачынаўся з размовы пра Камерун. Бацькі ўвесь час казалі, што яны супраць. Праблема ў тым, што з боку бацькоў - гэта клопат пра кар’еру і грошы. Тата мне сказаў, што я не скончыў адукацыю, не маю працы і грошай. Што я ўжо павінен мець дзяцей і жонку, а не шукаць дзіўных і незразумелых для яго жыццёвых досведаў. Канешне, бацькоў можна зразумець. Гэта праява іх любові.
Пачатак пачатку
Пазней мы пачалі займацца тым, што збіралі грошы для гэтых дзяцей. Я паехаў да біскупа Аляксандра, каб той даў дазвол на збор грошай у касцёлах. Я расказаў, як выглядае ўся справа, біскуп мяне падтрымаў, таму дазвол я атрымаў. Тры разы ў месяц мы ездзілі з Познані на Гродзеншчыну. Мы распавядалі людзям пра Камерун, заахвочвалі іх да большага ўдзелу ў місійнасці. Людзі ахвотна дапамагалі, за тры першыя зборы мы мелі практычна 17 тыс. злотых.
Ёсць багатыя людзі, якія давалі сапраўды вялікія грошы. Але былі таксама старыя бабулі, якія давалі пару рублёў. Давалі ад усяго сэрца, таму такая чалавечая цеплыня мяне вельмі цешыць. За гэтыя грошы мы ўжо зможам заплаціць за дзяцей за цэлы год навукі.
Мы не апосталы
Мы едзем туды, бо мы можам працаваць, бо мы вельмі хочам штосьці зрабіць, проста дапамагчы. Марта нават не любіць шмат размаўляць пра наш выезд, бо не хоча прапаведваць і заахвочваць усіх да ахвяры. Як кажуць, больш даеш – больш атрымўваеш. Напэўна гэта нас зменіць, напэўна мы інакш будзем глядзець на рэчы. Камерун будзе для нас школай жыцця.
Цяпер у планах толькі пілігрымкі. Канец лета, апошнія прыгатаванні да выезду і... у добры шлях!
Яна Ткачук