Skip to main content

Дакрануцца да Евангелля. III нядзеля Адвэнту

pustyniaЗ’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло. І вось сведчанне Яна. Калі юдэі паслалі з Ерузалема святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: Хто ты? Ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: Я не Хрыстус. І спыталіся ў яго: Дык хто ж? Ты Ілля? І сказаў: Не. Ты прарок? І ён адказаў: Не. Тады сказалі яму: Хто ж ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе? Ён сказаў: Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану, як сказаў прарок Ісая. А пасланцы ж былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус,  ні Ілля, і ні прарок? Ян сказаў ім у адказ: Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях ягоных. Было гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян. (Ян 1, 6–8. 19–28)

Уяўлю сабе Яна Хрысціцеля - простага і беднага чалавека. Углядаючыся ў яго, падумаю пра тое, што Бог можа ставіць на маім шляху слабых і сціплых людзей, каб абудзіць ўва мне смагу Езуса.

Хто стаў для мяне пасланым ад Бога Янам Хрысціцелем? Узгадаю тых людзей, якія былі вельмі важныя для майго духоўнага жыцця і далі мне шмат Божага святла. Успомню  іх з пяшчотай і глыбокай удзячнасцю.

Звярну ўвагу на тое, з якой пакорай і ўпэўненасцю Ян Хрысціцель сведчыць аб сваёй веры. Яго словы паказваюць сілу яго духу і ўпэўненасць у пакліканні ад Бога.

Як я бачу сваё пакліканне? Ці добра я распазнаў свой жыццёвы шлях? Ці адчуваю сябе ў жыцці на сваім месцы і ці веру ў тое, што гэтае месца дадзена мне Госпадам?

Буду ўважліва слухаць размову Яна з пасланцамі святароў і левітаў. Заўважу, як упэўнена і ясна ён кажа пра Збаўцу. Ян не засяроджвае ўвагі на сабе. Ён ведае, што з’яўляецца толькі голасам, з дапамогай якога Бог выконвае Свой план.

Ці не шукаю сябе ў сваіх жаданнях, словах, размовах? Ці не “карыстаюся” Богам для сваёй славы?

Буду ў сардэчнай размове прасіць Езуса, каб даў мне сіл не баяцца сведчыць пра Яго. Буду паўтараць у сваім сэрцы малітву: “Езу, я хачу будаваць сваё жыццё на Тваім Слове!”.

Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская

 

Рэдагавана: 15 Снежня 2017