Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне. Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе? I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі. Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне. Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе? Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця. (Мц 25, 31-46)
У Евангеллі Езус пакідае апісанне Страшнага Суда. Ці ўсведамляю гэта? Я павінен часта вяртацца да дадзенага фрагменту. Памяць пра гэта дапаможа мне ў штодзённых клопатах узгадаць пра самае важнае: заўсёды рабіць дабро.
Падумаю пра тое, што падчас Апошняга Суда Бог спытае мяне толькі пра добрыя справы, якія я здзейсніў. Гэтае дабро будзе маім святочным адзеннем. Усё астатняе (тытулы, заслугі, пасада) страціць усялякае значэнне.
Добрыя справы, пра якія спытаюць мяне на Судзе, тычацца канкрэтных абставін у маім жыцці. Звярну ўвагу на тое, што гэта звычайныя, штодзённыя сітуацыі. Буду старанна разважаць пра кожную з іх, пералічаных Езусам.
Узгадаю розныя падзеі, калі я твар у твар сустракаўся з беднасцю і бездапаможнасцю іншых людзей. Прадстаўлю сабе асобаў, якім я дапамог: галодныя, уцекачы, хворыя... Спытаю сябе: якім чынам я ім пасадзейнічаў?
Цяпер узгадаю твары тых, каму я не аказаў падтрымкі. Кім яны былі? Як рэагуе маё сумленне, калі я думаю пра іх?
Крыху затрымаюся пры словах Хрыста "тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі. (...) Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне". Езус кажа, што Ён прысутнічае ў тых, хто мае патрэбу. Ён клапоціцца пра іх і абараняе іх. Як часта я думаю пра гэта?
Уяўлю, што стаю перад Хрыстом Валадаром. Упаду перад Ім на калені і буду прасіць, каб Ён напоўніў мяне дабрынёй і дапамог любіць іншых людзей Яго любоўю. Буду ад усяго сэрца маліцца: "Езу, навучы мяне любіць, і больш мне нічога не трэба!".
Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская