Адказваючы, Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. I паслаў слугаў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці.
Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!
Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.
Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.
Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. (Мц 22, 1-10)
Езус кажа пра тое, з якой тугой Бог чакае мяне ў царстве вечнасці. Ці веру ў Бога, які сумуе па мне, чакае мяне?
Уяўлю сабе Бога Айца, які прыходзіць да мяне і асабіста запрашае мяне да Сябе. Кажа, што ўжо ўсё гатова.
Зразумею, што гэта адбываецца кожны дзень. Айцец запрашае мяне на Эўхарыстыю, на выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту (адарацыю). Кожны дзень усё ўжо гатова, дастаткова толькі прыйсці.
"Але яны пагардзілі..." (Мц 22, 10). Ці цаню я дары сакрамэнтаў, якія штодня рыхтуе для мяне Бог Айцец? Як выглядае маё жыццё Эўхарыстыяй? Ці знаходжу я час на штодзённую адарацыю?
Гнеў Бога азначае, што Ён вельмі пакутуе з-за пагарды Яго любоўю. Прыціснусь да Яго Сэрца і папрашу ў Яго прабачэння за ўсе сітуацыі, калі я не прыняў Яго любоў.
"І выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей ..." (Мц 22, 11). Прадстаўлю сабе, што Бог Айцец падыходзіць да мяне і глядзіць у маё сэрца. Што я адчуваю? Пагляджу вачыма Бога на мой святочны строй. Ці гатовы я баляваць з Усявышнім?
Папрашу Езуса, каб Ён абудзіў ува мне глыбокае жаданне і тугу па вечнаму прабыванню з Богам.
С. Зоя Дамброўская