Вось двое вучняў Езуса ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою? І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: Ты, напэўна, адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася. І спытаў у іх: Што? Яны сказалі Яму: Тое, што сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі. Тады Ён сказаў ім: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго. І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне? І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем, і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба. (Лк 24, 13-35)
***
Далучуся да вучняў, якія ідуць у Эмаус, каб прыслухацца да іх сумнай размовы і адчуць, што яны перажываюць. Пагляджу на іх твары, поўныя болю і расчаравання. Яны сыходзяць з Іерусаліма, але свой боль забіраюць з сабой.
Узгадаю падзеі з майго жыцця, якія даводзілі мяне да адчаю і ўнутранай нязгоды з тым, што адбылося. Успомню, як я ўцякаў ад цяжкай рэальнасці. Што было маім "Эмаусам", дзе я спрабаваў схавацца і забыць пра непрыемныя падзеі?
Калі да вучняў далучаецца Езус, яны не пазнаюць Яго, таму што "вочы іх былі стрыманыя". Што я магу сказаць пра свае паводзіны ў крытычных сітуацыях? Як тады выглядае мой вобраз Бога?
Звярну ўвагу на тое, што вучні, хоць яны поўныя суму і адчаю, дазваляюць, каб Езус наблізіўся да іх і ішоў разам з імі. Вучні пачынаюць размаўляць з Ім і слухаць Яго тлумачэнні. Што я магу сказаць пра сваё духоўнае жыццё ў цяжкіх для мяне момантах? Як выглядае мая малітва, слуханне Божага слова?
Езус цярпліва і не спяшаючыся лечыць сэрцы вучняў сваім Словам. Яны пазнаюць Хрыста, калі надышоў момант дзяліцца хлебам. Ці былі ў маім жыцці такія моманты, калі мяне асвяціла пачутае слова Божае? Што гэта было за Слова? Знайду яго ў Бібліі.
Успомню сітуацыі, калі падчас Эўхарыстыі я перажыў асаблівую блізкасць з Езусам, такую, што сэрца маё гарэла любоўю да Яго. Раскажу пра гэта Яму. Падзякую Хрысту за тыя моманты, калі Ён асаблівым чынам вылечваў мяне сваім Словам і ў Эўхарыстыі. Буду прасіць: "Езу, навучы мяне любіць Тваё Слова і Тваю прысутнасць у Эўхарыстыі!".
Падрыхтавала с. Зоя Дамброўская