Прыгледжуся да Езуса, які ў жудасную спякоту ідзе па дарогах Самарыі. Стомлены, прагнучы вады, Хрыстос спыняецца і садзіцца ля калодзежа. Там ён сустракае жанчыну.
Нагадаю сабе, што Езус хоча сустракацца са мной сярод звычайных штодзённых падзей - таксама і там, дзе я выконваю свае паўсядзённыя абавязкі. Ці набліжае мяне да Езуса мая праца? Або наадварот, аддаляе ад Яго?
Жанчына здзіўленая, што Езус хоча з ёй пагаварыць. Згодна з правіламі таго часу, Ён не павінен размаўляць з ёй. Больш за тое, Езус ведае, што размаўляе з жанчынай, якая мела 5 мужоў, а цяпер - жыве з сужыцелем. Хрыстос хоча сустрэцца з кожным з нас, незалежна ад таго, хто мы і як жывем.
Падумаю пра тых людзей, з якімі мне цяжка мець зносіны, каго цяжка прыняць. Нагадаю сабе, што Езус сустракаецца з гэтымі людзьмі з такой жа любоўю, з якой Ён размаўляе са мной.
Сяду каля калодзежа і буду слухаць размову Хрыста з жанчынай. Ён кажа пра яе жыццё ў праўдзе, а тое, як Ён кажа пра гэта, дапамагае ёй быць шчырай і адкрытай.
Што я магу сказаць пра свае зносіны з Хрыстом? Ці ўмею я адкрываць перад Ім ўсю глыбіню свайго духоўнага, эмацыйнага і маральнага жыцця?
Падчас размовы Езус некалькі разоў вяртаецца да смагі. Раіць жанчыне, каб яна малілася аб тым, каб прагнуць больш важных рэчаў у сваім жыцці. Ці ёсць ува мне смага глыбокага духоўнага жыцця з Езусам? Аб чым я больш за ўсё хацеў бы папрасіць Езуса?
Буду ад усяго сэрца прасіць Хрыста, каб Ён вызваліў мяне ад жаданняў, якія саслабляюць ці знішчаюць маё духоўнае жыццё. Буду ў сэрцы паўтараць малітву: "Божа, прагне Цябе душа мая!".
Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская