Skip to main content

Дакрануцца да Евангелля. XXXIII Звычайная нядзеля, год С

DDW 867770Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены. І спыталіся ў Яго: Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца? Ён сказаў: Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы "гэта Я", – і: "наблізіўся час". Не ідзіце за імі.

Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу. Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба. Але раней за ўсё гэта накладуць на вас рукі свае і будуць пераследаваць вас, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і валадарамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. Выдаваць вас будуць таксама бацькі, і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І ўсе зненавідзяць вас за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае. (Лк 21, 5-19)

Езус перасцерагае тых, хто верыць у Бога, перад пошукам уласнай хвалы і пацвярджэннем сваёй значнасці ў зямных поспехах і пазіцыі ў грамадстве. Не знешнія праявы веры з'яўляюцца меркай яе велічы, але гарачая любоў да Хрыста, асабліва ў момантах няўдач.

Звярну ўвагу на тое, як я жыву сваёй верай. Пералічу ўсе свае малітвы і штодзённы кантакт з Богам. Ці магу я сказаць, што гэтыя малітвы набліжаюць мяне да Езуса і ўмацоўваюць мае адносіны з Ім? Ці няма ў іх звычкі і руціны, якія паслабляюць маю любоў да Хрыста?

Езус нагадвае, што шлях хрысціяніна вядзе скрозь крыж неразумення, асуджэння, абвінавачванняў з боку нават самых блізкіх людзей. Такія моманты з'яўляюцца найбольш спрыяльнай магчымасцю даць сведчанне веры. Узгадаю сітуацыі, калі з мяне кпілі ці не разумелі з-за веры ў Хрыста. Як я паводзіў сябе?

Езус, кажучы пра цяжкасці на шляху веры, запэўнівае мяне ў тым, што Ён заўсёды побач са мной і з пяшчотай клапоціцца пра мяне. Гэта Ён - мой самы надзейны абаронца. Ён хоча, каб я цалкам даверыўся Яму. Мая вернасць Хрысту збавіць мяне.

Буду прасіць Езуса, каб Ён уратаваў мяне ад сумневаў і здрады. Папрашу Яго аб міласэрнасці ва ўсіх тых момантах майго жыцця, калі мая вернасць будзе падвергнутая выпрабаванням. Даверу Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса сябе, сваю сям'ю і ўсіх людзей, што побач са мной.

Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская

Рэдагавана: 11 Лістапада 2016