Езус сказаў фарысеям: Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак, па імені Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя. Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты і быў пахаваны. У пекле, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. І, усклікнуўшы, сказаў: Ойча Абрагаме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб памачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым. Але Абрагам сказаў: Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці. Тады сказаў ён: Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты. Абрагам адказаў: У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх. А ён сказаў: Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. Тады Абрагам сказаў яму: Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць. (Лк 16, 19-31)
Слухаючы прыпавесць Езуса, узгадаю ганебны падзел людзей на бедных і багатых ( напр., у радыё, тэлебачанні, прэсе). Ці сустракаюся я з гэтым у сваім асяродззі? Ці няма навокал мяне бедных Лазараў? Што я магу сказаць пра маё асабістае стаўленне да людзей, яуія жывуць у нястачы?
Звярну ўвагу на паводзіны багатага чалавека. Езус апісвае яго некалькімі словамі: "Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў". Ён толькі браў ад жыцця лепшае і атрымліваў асалоду ад гэтага. Следствам такіх паводзінаў была замкнёнасць у сваім свеце асалоды і абыякавасць ў адносінах да патрэб чалавека, які жыве побач.
Гледзячы на паводзіны багатага чалавека, спытаю ў сябе ў прысутнасці Езуса: ці не паводжу я сябе так, як гэты багацей? Ці не засяроджаны я толькі на задавальненні сваіх уласных патрэбаў? Ці ўмею я дзяліцца з іншымі не толькі тым, што лішняе ў мяне?
Лёс багатага чалавека пасля смерці з'яўляецца горкім плёнам яго жыцця, напоўненага эгаізмам. Як і тады, калі быў жывы, пасля смерці ён застаўся адзін. Велізарная бездань аддзяляе яго ад Лазара і Абрагама, таму што такім было яго жыццё. Пекла для чалавека пачынаецца тады, калі ён вырашае жыць толькі для сябе.
Паспрабую шчыра прызнацца Езусу ў сваім эгаізме, а асабліва ў тых паводзінах, якія прычыняюць боль маiм блiзкiм. У цішыні свайго сэрца буду прасіць Хрыста, каб Ён паказаў мне, што ў маім жыцці больш за ўсё закрывае маё сэрца перад іншымі людзьмі. Папрашу Яго: "Езу, вызвалі мяне ад захаплення толькі ўласнай асобай, ад майго эгаізму".
Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская