Калі Езус прыйшоў у суботу да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім. Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: Саступі яму месца. І тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца. А калі цябе запросяць, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: Дружа, перасядзь вышэй. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца. Пасля Езус сказаў таму, хто запрасіў Яго: Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. Але, калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых, і шчаслівы будзеш, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрасення справядлівых. (Лк 14, 1.7-14)
Прадстаўлю сабе Езуса - госця на абедзе ў доме фарысея. Звярну ўвагу на паводзіны гасцей, якія займаюць першыя месцы. Езусу не падабаюцца такія паводзіны.
Узгадаю сабе сітуацыі з майго жыцця, калі я знаходзіўся ў якой-небудзь супольнасці людзей, на якой-небудзь сустрэчы, сітуацыі з маёй сям'і ці таварышаў. Што я магу сказаць пра свае паводзіны? Ці не імкнуся я дамінаваць, прыцягваць да сябе ўвагу, навязваць іншым сваё меркаванне? Ці не выкарыстоўваю я сваёй пасады або пазіцыі для дасягнення сваіх асабістых мэтаў?
Езус звяртае ўвагу на тое, што ў супольнасці заўсёды можа быць хтосьці важней мяне. Ці дапускаю я гэтую думку, калі размаўляю з іншымі людзьмі, слухаю іх ці выказваю сваё меркаванне? Ці ўмею я саступаць месца іншым, прызнаваць, што яны важней, чым я? Як я адчуваю сябе ў сітуацыях, калі ў мяне такое ўражанне, што мяне ставяць на апошняе месца?
Езус нагадвае нам пра тое, што падчас сустрэч з іншымі людзьмі мы можам вучыцца быць бескарыслівымі і шчодрымі. Падумаю пра свае сустрэчы і адносіны з блізкімі. З кім я часцей і ахвотней размаўляю? Ці не кантактую я толькі з тымі людзьмі, якія мілыя ў адносінах да мяне, сімпатычныя мне, удзячныя? Ці не памагаю я іншым толькі для свайго задавальнення і задавальнення сваіх амбіцый? Ці не выкарыстоўваю я іншых людзей для задавальнення ўласных патрэбаў?
Ці ёсць такія людзі, з якімі я свядома не хачу мець зносіны і не прымаю іх? Падумаю пра тых, хто мне не сімпатычны, каго мне цяжка прыняць. Назаву іх імёны і аддам іх Езусу. Буду маліцца: "Езу, навучы мяне любіць іх!".
Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская