Skip to main content

Дакрануцца да Евангелля. XІІІ Звычайная нядзеля

Калі набліжаліся дні ўзнясення Езуса, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем. Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх? Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску. Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя –гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву. А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць айца майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае. Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага. (Лк 9, 51-62)

Звярну ўвагу на паводзіны самарыцян, якія адносяцца да Езуса з прадузятасцю. Не прынялі Яго, бо Ён ішоў у Ерусалім. Аслепленыя нянавісцю да габрэяў, яны не прымаюць Езуса.

Ці ёсць у маім сэрцы прадузятасць, якая ўплывае на маё стаўленне да іншых людзей? Я не магу сапраўды наследаваць Езуса, калі свядома не прымаю хоць аднаго чалавека. Няпоўная, выбарчая любоў заўсёды раніць Езуса. Непрыняцце кожнага чалавека азначае непрыняцце Езуса.

Адзін з вучняў кажа: "Божа! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў". Езус асцярожны з гучнымі словамі і ўрачыстымі заявамі. Ён папярэджвае, што за словамі павінны ісці канкрэтныя ўчынкі.

Успомню свае самыя важныя рашэнні, у якіх я выбраў Езуса (хрост, сужанства, манаскія шлюбы, святарскае пасвячэнне, рашэнне ўвайсці ў парафіюі г.д.). прасачу важныя моманты майго жыцця. Ці напоўнены жыццём мае абяцанні Езусу, ці яны засталіся пустымі словамі?

Гледзячы з любоўю на Езуса, раскажу Яму пра ўсе мае поспехі і паразы, вернасці і нявернасці ў наследванні Яго.

Езус чакае безумоўнай любові і перасцерагае нас перад кампрамісамі. Буду прасіць Святога Духа аб смеласці і святле ў разуменні, у якіх маіх думках ўтойваюцца лянота і нежаданне любіць. Хачу адкінуць такія думкі і ўчынкі. Папрашу Езуса аб ласцы рашучага пераймання Яго. Буду прасіць Яго: "Захавай маё сэрца ад халоднасці".

Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская

Рэдагавана: 21 Лютага 2017