Skip to main content

Дакрануцца да Евангелля. Нядзеля Уваскрасення Хрыста

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго. Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых. (Ян 20, 1-9)

Далучуся да Марыі Магдалены, якая раніцай ідзе да гробу Езуса. Спытаю пра яе любоў да Езуса, пра тое, як яна перажывала Яго жудасныя пакуты і агонію на крыжы і як цяпер, пасля Яго смерці, сумуе і плача аб сваім Госпадзе.

Як я падчас Вялікага посту рыхтаваўся да Вялікадня? Што я магу сказаць пра тое, як я перажываю пакуты Хрыста? Ці важныдля мяне Езус і ці сумую я па Ім, як Марыя Магдалена?

Прыгляджуся да паводзін Марыі Магдалены ў той момант, калі яна заўважае, што гроб пусты. Буду глядзець, як яна бяжыць да Пятра і Яна. Заўважу збянтэжанасць на яе твары, калі яна скажа апосталам, што ўбачыла пры гробе Езуса.

Успомню сітуацыі з майго жыцця, у якіх я адчуваў сябе цалкам бездапаможным, калі я бег да сваіх блізкіх, шукаў парады і суцяшэння. Падзякую Езусу за тых людзей, якіх Ён мне тады даў, за блізкіх, духоўнікаў, сяброў.

Вярнуся да сцэны з Евангелля, каб убачыць Пятра і Яна, што бягуць да гробу Езуса. Убачу іх нецярплівыя твары і вочы, якія шукаюць гроб. Звярну ўвагу на іх паводзіны каля пустога гробу.

Успомню сітуацыі, калі я вельмі сумаваў па Езусу і шукаў прыкмет Яго прысутнасці ў маім жыцці. Што гэта былі за сітуацыі? Раскажу пра іх Езусу.

Якія пачуцці абуджаюцца ўва мне, калі я думаю аб маёй сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом? Пётр і Ян напэўна адчувалі ў сваіх сэрцах горкія ўспаміны іх няслушнасці, страху і здрады. Буду прасіць Езуса, каб ён абудзіў ува мне тугу па ім: "Езу, я прагну Твайго жыцця як сарна імкнецца да водных патокаў!"

Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская

Рэдагавана: 21 Лютага 2017