Skip to main content

Дакрануцца да Евангелля. ІІІ Нядзеля Вялікага Посту

У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Езусу пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. Езус адказаў ім на гэтае: Думаце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, бо так пацярпелі? Не. Кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх звалілася сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не. Але кажу вам, калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце. І расказаў вось якую прыпавесць: Адзін чалавек меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю? Але той сказаў яму ў адказ: Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе. (Лк 13, 1-9)

 

Стану перад Езусам у шчырасці сэрца, у пакоры. Папрашу Яго аб ласцы глыбокага ўсведамлення маёй грахоўнасці.

Звярну ўвагу на тое, з якім хваляваннем Езус заклікае людзей, каб яны прызналіся ў сваіх грахах і не адкладалі навяртанне.Ён паўтарае некалькі разоў: "Калі не пакаецеся ... загінеце". Езус паказвае нам, што людзі часта ўжо не адчуваюць сваёй грахоўнасці, a гэта вядзе да смерці. Немагчыма навярнуцца, не адчуваючы сябе грэшнікам. Жыццё без навяртання -  гэта толькі бачнасць сапраўднага жыцця: як дрэва, якое не прыносіць пладоў.

Папрашу Езуса, каб я змог на самай справе зразумець, наколькі я грэшны і наколькі жудасны гэты грэх, якая яго разбуральная сіла. Што я адчуваю, калі думаю пра тое, наколькі жудасны мой грэх? Раскажу пра гэта Езусу.

Грэх у сэрцы аслабляе нашае жыццё: робіць нашыя жаданні дробнымі і павярхоўнымі, знішчае раней дасягнуты плён добрых спраў і забівае нас. Ці не жыву я ў граху? Ці не адкладаю я споведзь на потым, а гэта потым - на ніколі? Ці не падабаецца мне які-небудзь грэх настолькі, што я не хачу ад яго пазбавіцца?

Калі ў мяне няма патрэбы ў споведзі, значыць, я ўжо зарос грахом, як цвіллю. Папрашу ад усяго сэрца Езуса аб тым, каб Ён аднавіў ўва мне разуменне ўсяго цяжару граху і ажывіў патрэбу ў шчырай і глыбокай споведзі. Запланую сабе час для сустрэчы з Езусам у сакраманце споведзі падчас Вялікага Посту. Ужо цяпер пачну прасіць Езуса, каб Ён паслаў Свайго Духа Праўды, які пераканае мяне ў маёй грахоўнасці і адорыць моцным жаданнем сустрэчы з Ім у святой споведзі. Буду прасіць: "Езус, дапамажы мне звярнуцца да Цябе ўсім сэрцам".

Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская

Рэдагавана: 21 Лютага 2017