Skip to main content

Дакрануцца да Евангелля. Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету

Krol WszechswiataУ той час: Пілат спытаўся ў Езуса: Ты Кароль юдэйскі? Езус адказаў яму: Ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне? Пілат адказваў: Ці ж я юдэй? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты зрабіў? Езус адказаў: Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль. Пілат сказаў Яму: Значыць, Ты Кароль? Езус адказаў: Ты кажаш, што Я Кароль. Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой. (Ян 18, 33b–37)

Буду ўважліва глядзець на Езуса, які стаіць перад Пілатам. Ён у цярновым вянку, скрываўлены, збіты бічамі, у Яго звязаныя рукі. Езус маўчыць. Пачую пытанне намесніка, якія глядзіць на Яго: "Ты Кароль юдэйскі?".

Якія пачуцці з'яўляюцца ў маім сэрцы, калі я бачу, як пакутуе Езус? Пачну з Ім сардэчную размову. Прадстаўлю сабе, што Ён стаіць перада мной. Буду ўзірацца ў Яго праз доўгі час. Паспрабую абняць Яго з пяшчотай і адчуць Яго пакутуючае, саслабленае цела.

Успомню мае любімыя малітвы і песні, у якіх я называю Езуса сваім Госпадам і Каралём. Паспрабую зразумець, што Езус сёння пытаецца мяне так, як спытаў Пілата: "Ці ад сябе ты кажаш гэта?" Спытаю сябе, ці згодны я на такога Езуса - Караля?

Углядаючыся ў Езуса - звязанага, пабітага і ў цярновым вянку, пачую, як Ён кажа мне: "Валадарства Маё не з гэтага свету". Езус заклікае мяне да жыцця свабоднага ад гвалту і помсты.

Ці зняважылі мяне калі-небудзь так, як зняважылі Езуса? Ці магу я дараваць тым, хто гэта зрабіў? Ці веру ў тое, што ў рэшце рэшт Яго любоў усё пераможа?

Езус кажа мне, чаму Ён абраў такі шлях. Ён хоча, каб я вучыўся жыць у праўдзе. Хачу я жыць усім тым, што Езус кажа мне ў Евангеллі? А можа, ёсць у Евангеллі словы, якія абуджаюць ува мне страх і пратэст?

Абдыму Езуса ў цярновым вянку. Падумаю пра тое, што Ён прыняў на сябе ўсе мае грахі крывадушнасці і маніпуляцыі ўладай, каб дасягнуць сваіх мэтаў. Папрашу, каб Езус валадарыў у маім жыцці, скажу Яму, што Ён - мой Кароль.

Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская

Рэдагавана: 21 Лютага 2017