Умешваюся ў натоўп людзей, якія сабраліся вакол Езуса каля брамы горада. Сляпы жабрак сядзіць пры дарозе і крычыць надрыўна, усё гучней і гучней. Ён моліць Езуса, каб Збаўца памілаваў яго. Іншыя людзі намагаюцца прымусіць яго замаўчаць, крычаць, каб жабрак перастаў.
Паспрабую зразумець, што можа адчуваць няшчасны сляпы. Узгадаю сітуацыю з майго жыцця, калі я адчуваў сябе як жабрак і маліў аб літасці. Што гэта была за падзея, якая сітуацыя? Як тады ставіліся да мяне іншыя людзі? Як у той час выглядала мая малітва?
Буду разважаць над сустрэчай Езуса са сляпым Бартымеем. Езус чуе яго крык, спыняецца і загадвае паклікаць сляпога. Заўважаю рэакцыю Бартымея - ён скідае свой плашч, ускоквае і падыходзіць да Езуса.
Падумаю пра тое, што Езус кожны дзень праходзіць мой шлях, спыняецца побач са мной, пытаецца мяне аб маіх штодзённых праблемах, аб тым, у чым я маю патрэбу. Ці заўважаю я Яго? Ці магу я, як Бартымей, кінуцца да Езуса з усіх ног? Ці хачу я быць блізка да Яго?
Прадстаўлю сабе Езуса, які пытаецца мяне: "чаго ты хочаш ад Мяне?" Што я хацеў бы Яму сказаць? Чаго я хачу больш за ўсё на свеце?
"Вера твая ўратавала цябе!" Езус хоча, каб я зразумеў, якой моцнай можа быць мая вера. Ён сам можа вылечыць каго заўгодна, няма такіх хваробаў, з якімі б ён не справіўся. Але Езус пытаецца пра сілу маёй веры і ставіць сваю моц ацалення ў залежнасць ад маёй веры.
Ці веру глыбока ў Езуса, які ацаляе? У сардэчнай размове папрашу Езуса, каб Ён даў мне моцную веру. Буду маліцца аб гэтым увесь тыдзень, часта паўтараючы словы: "Езус, Сын Давідаў! змілуйся нада мною!"
Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская