Skip to main content

Дакрануцца да Евангелля. XXVI Звычайная нядзеля

jesus christЯн сказаў Езусу: Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі. Езус жа сказаў: Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі. І хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора. Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзьвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзьвюма нагамі быць кінутым у геену. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе з адным вокам увайсці ў Валадарства Божае, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне. (Мк 9, 38–43. 45. 47–48)

Езус у размове з Янам вучыць яго мудрасці: трэба ўмець заўважаць дабро ў кожным чалавеку, нават у тым, хто не ходзіць за Хрыстом. Таксама і праз такіх людзей Бог творыць дабро. Езус перасцерагае мяне перад падазронасцю і прыпісванню людзям дрэнных намераў.

Як я стаўлюся да людзей, якія разам са мной не ідуць за Езусам? Ці ўмею я бачыць у іх дабро? Што я магу сказаць пра мае штодзённыя сустрэчы з такімі людзьмі?

Езус вельмі шчодры з тымі, хто здольны проста быць добрым. Ён не забудзе нават шклянкі вады, пададзенай іншаму чалавеку. Што я магу сказаць пра свае паводзіны там, дзе я жыву, вучуся, працую? Ці ўмею я проста быць добрым?

Заўважу, як Езус з пяшчотай клапоціцца пра мяне - пра свайго вучня. Калі хтосьці будзе добры ў адносінах да мяне, таму што я Яго вучань, не страціць узнагароды сваёй. Успомню людзей, якія былі са мной. Падзякую за іх Езусу.

Звярну ўвагу на тое, як Езус распавядае пра спакусу. Спакуса гэта яд, які знішчае ў чалавеку дабро. Спакуса жудасна дзейнічае асабліва на самых маленькіх, слабых, безабаронных дзяцей.

Памалюся за людзей, на якіх я дрэнна паўплываў. Аддам іх Езусу, каб Ён ацаліў і памножыў у іх тое дабро, якое зменшылася ў іх па маёй віне. Ці не з'яўляюся я цяпер для кагосьці спакусай, дрэнным прыкладам? Езус заклікае мяне радыкальна адмовіцца ад граху, змагацца з яго каранямі. Папрашу Езуса, каб Ён дапамог мне ўбачыць сябе ў праўдзе. Што больш за ўсё знішчае ўва мне дабро і аслабляе маё жыццёвае пакліканне? Буду маліцца: "Езус, адары мяне мудрасцю ў барацьбе з грахом".

Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская 

Рэдагавана: 21 Лютага 2017