Сышліся разам да Езуса фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, што некаторыя вучні Ягоныя елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. І вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця кубкаў, і збаноў, і місаў, і лавак.Тады пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, але ядуць хлеб нячыстымі рукамі?Ён адказаў ім: Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: Народ гэты шануе Мяне вуснамі, а сэрцы іх далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнню чалавечых запаведзяў. Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі.Потым зноў паклікаў народ і сказаў яму: Слухайце Мяне ўсе і разумейце. Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго. Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, зайздрасць, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло знутры выходзіць і робіць чалавека нячыстым. (Мк 7, 1–8. 14–15. 21–23)
Евангеліст Марк перасцерагае нас ад веры напаказ. Ён падрабязна апісвае, як моцна габрэі былі прывязаныя да дробязнага выканання мноства рэлігійных правілаў. Такія паводзіны прыводзяць да "фармальнай" веры, адсоўваючы на другі план глыбокае духоўнае жыццё. Гэта стала ясна пры сустрэчы, апісанай у нашым сённяшнім фрагменце Евангелля. Кніжнікі і фарысэі не ўмеюць будаваць адносін з Езусам, у іх сэрцах няма радасці і спакою. Яны занятыя патрабаваннямі і выкананнем правілаў і суровым асуджэннем тых, хто гэтыя правілы не выконвае.
Паводзіны фарысеяў паказваюць, што суровая і павярхоўная вера вядзе да такога ж суровага і павярхоўнага асуджэння іншых людзей. Што я магу сказаць пра сваю веру? Ці вядзе яна да паглыблення маіх адносін з Езусам? "Правільнасць" маёй веры не залежыць ад колькасці і дакладнага выканання рэлігійных практык і малітваў. Знешняе праява рэлігійнасці мае сэнс толькі тады, калі яна з'яўляецца праявай майго духоўнага жыцця і дапамагае мне паглыбляць мае адносіны з Богам.
Звярну ўвагу на мае штодзённыя малітвы. Ці захоўваю я ім вернасць? Ці шукаю я перш за ўсё Бога? Ці захоўваю я вернасць Божым запаведзям, касцёльным запаведзям? Наколькі глыбокай з'яўляецца мая матывацыя?
Затрымаю сваю ўвагу на грахах, пра якія кажа Езус. Шчыра спытаю сябе, ці не адчуваю я згрызот сумлення, чытаючы гэты спіс? Пры якім граху сумленне больш за ўсё мучыць мяне? Раскажу пра гэта Езусу. Буду ў малітве прасіць Яго, каб Ён даў мне сэрца чыстае, свабоднае і некрывадушнае. Папрашу Езуса, каб Ён навучыў мяне жыць у праўдзе перад Ім і перад самім сабой.
Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская