Калі людзі ўбачылі, што тут няма ні Езуса, ні Ягоных вучняў, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: Раббі, калі Ты прыбыў сюды? Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец. А яны сказалі Яму: Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя? Езус адказаў ім: У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў. Народ сказаў Езусу: Які ж Ты зробіш цуд, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: Хлеб з неба даў ім есці. Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы ёсць той, які сыходзіць з неба і дае жыццё свету. Тады сказалі Яму: Пане, давай нам заўсёды такі хлеб. Езус адказаў ім: Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць. (Ян 6, 24-35)
Сёння мы будзем разважаць аб Хлебе жыцця - аб Езусе ў Эўхарыстыі. Калі гэта магчыма, правядзем гэтае разважанне на адарацыі, перад Езусам утоеным у Найсвяцейшым Сакраманце.
Людзі, якіх Езус накарміў цудоўным чынам, здзіўленыя Яго моцай. Яны шукаюць Яго. Але калі я прыслухоўваюсь да размовы Езуса з натоўпам людзей, я чую, што Езус адкрывае ім іх сапраўдныя жаданні і матывацыі - яны шукаюць Яго таму, што насыціліся, а не таму, што сапраўды хочуць быць з Езусам. Езус паказвае людзям, што яны не шукаюць Яго самога таму, што яны занадта прывязаныя да сваіх патрэбаў. А я - чаго ці каго шукаю я? У сённяшняй малітве папрашу Езуса пра тое, каб Ён паказаў мне мае прыхільнасці і клопаты, у якіх я шукаю больш сябе, выканання сваіх жаданняў, чым самога Езуса.
Адзіная рэч, якую варта шукаць і пра якую трэба турбавацца - гэта Хлеб, які дае вечнае жыццё. Езус ёсць Хлеб жыцця. Прыгледжуся да штодзённых выбараў і каштоўнасцей, якімі я жыву. Што для мяне самае важнае? Ці ўмею я глядзець на сваё жыццё з перспектывы вечнасці?
Езус - гэта самы каштоўны дар Айца. Бог хоча, каб я паверыў, што Ён паслаў Свайго Сына, які можа задаволіць усе мае патрэбы. Спытаю сябе шчыра ў Божай прысутнасці - ці веру я ў тое, што Езус можа задаволіць усе мае патрэбы?
Езус прыйшоў у гэты свет для мяне. Ён хоча быць маім штодзённым Хлебам, каб я жыў вечна. Падумаю пра тое, што ў эўхарыстычным Хлебе ўтойваецца Езус, які прагне вечнага жыцця для мяне. Езус хоча, каб я як мага часцей прыходзіў да Яго. Што я магу сказаць пра сваю пашану Езусу ў адарацыі? Ці люблю я прабываць з Ім на малітве?
Папрашу Езуса аб дары моцнага жадання знаходзіцца з Ім у Эўхарыстыі і глыбокай веры ў тое, што Ён стаў Хлебам, каб я мог насычаць Ім сваю душу. Падумаю, як я змагу абнавіць і ажывіць сваю малітву. Раскажу Езусу пра тое, што хачу змяніць у маіх адносінах з Ім.
Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская