Skip to main content

Дакрануцца да Евангелля. Х Звычайная нядзеля

У той час: Езус з вучнямі прыйшоў у дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават хлеба паесці. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум. А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбуба і выганяе дэманаў праз князя дэманаў. А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: Як можа сатана выганяць сатану? Калі валадарства раздзеліцца само ў сабе, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць самога сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка, і толькі тады абрабуе дом ягоны. Сапраўды, кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі, але падлягае вечнаму асуджэнню...

 

Езуса з усіх бакоў акружаюць слухачы і вучні. Ён вельмі стаміўся, у Яго няма часу адпачыць, нават паесці Яму няма калі. Родныя пачынаюць турбавацца за Яго. Варта задаць сабе пытанне: для каго Езус так стамляецца, дзеля каго Ён ахвяруе Сябе, траціць увесь свой час і сілы? Ці разумею я, што Ён робіць гэта для мяне? Ён кожны дзень, кожную хвіліну чакае мяне, у Яго заўсёды ёсць для мяне час, я магу кожны дзень жыць Яго Словам. Столькі людзей цясніцца вакол Езуса. Ці прыходжу я да Яго, каб пагаварыць з Ім, паслухаць Яго, проста пабыць побач?

Хрыстос аддае людзям усяго Сябе - свой час, сілы, любоў, але многія ўспрымаюць гэта няправільна, кажуць, што гэта занадта, што Ён сышоў з розуму. Яму было непрыемна і балюча чуць пра Сябе такія словы. Калі я хачу ісці за Езусам, быць Яго вучнем, я павінен быць гатовы да таго, што і мяне не будуць разумець, што назавуць дзіўным або ненармальным. Што больш за ўсё мяне палохае на шляху следавання за Езусам?

Кніжнікі і фарысеі кажуць, што Езус апантаны, што Ён моцай д’ябла выганяе злых духаў. Езус лёгка даказвае бессэнсоўнасць іх абвінавачванняў і папярэджвае, што наступствам нежадання прыняць праўду з’яўляецца свядомай адмовай ад выратавання. Кніжнікі і фарысеі добра ведалі Пісанне і прароцтва аб Месіі і бачылі, што Езус іх выконвае. Але ім не падабаўся такі Месія, яны чакалі іншага, таму самога Бога ў сваёй слепаце і самаўпэўненасці назвалі апантаным д'яблам. Езус кажа, што гэта адзіны грэх, які не можа быць дараваны - добраахвотная, свядомая адмова ад выратавання, прыняцця праўды і любові толькі таму, што яна выглядае не так, як нам хочацца. Ці прашу я Езуса, каб Ён захаваў мяне ад такой упартасці, ад веры ў сваё ўяўленне пра выратаванне больш, чым у Яго Слова?

Езус благаслаўляе тых, хто выконвае Божую волю. Ён кажа, што самыя блізкія Яму людзі - гэта тыя, хто выконвае волю Айца. Ці можа Езус сказаць пра мяне: “Гэта мой брат, сястра”? У чым я няслушны Яму, Яго Слову? Ці размаўляю я з Езусам аб маёй нявернасці Яму?

Толькі ў святле Евангелля мы можам быць вернымі Езусу, быць Яго “братамі, сёстрамі”. Даверым Езусу ў малітве нашыя сем'і, супольнасці, каб Ён моцаю Слова стварыў з нас сям'ю дзяцей Божых.

 Падрыхтавала сястра М. Зоя Дамброўская

Рэдагавана: 21 Лютага 2017