У мяне праблемы з пастановамі… Заўсёды. І калі надыходзіць час Вялікага посту, я зноў і зноў задаюся пытаннем: што мне варта ў сабе змяніць, як выхаваць сябе? А адказу ўсё няма. І справа далёка не ў тым, што я такая бездакорная і працаваць няма над чым. Насамрэч проста не ведаю, з якога боку да гэтых аўгівыех стайняў падступіцца: хочацца быць цярплівай, пакорнай, паслухмянай, заўсёды ветлівай і спагадлівай, умець слухаць і чуць іншых, а выходзіць так, что найчасцей бываю нястрыманай і саркастычнай, а людскія меркаванні падзяляю на “маё” і “няправільныя”…
Я раз і назаўсёды захапілася вобразам працы Бога над чалавечай душой, апісаным адной праваслаўнай манахіняй. Яна параўнала такога роду занятак з мастацтвам рэстаўрата старажытных ікон. Майстар слой за слоем здымае фарбу з састарэлых, запыленых, закопчаных абразоў, знойдзеных на гарышчах закінутых вясковых хат альбо ў падвалах савецкіх архіваў. Ён знарок не ачышчае ікону адразу, баючыся пашкодзіць каштоўную драўніну і знішчыць набыткі стагоддзяў. Наш Створца не менш беражліва ставіцца да людскіх душаў, паступова адкрываючы слабасці і хібы, каб не зваліць нас з ног усведамленнем уласнай недасканаласці. Але ў адрозненне ад ікон, над якімі карпее мастак, мы - жывыя істоты, здольныя да працы над сабой, якой бы складанай яна ні была, а іншай быць яна проста не можа… Бо шлях самаўдасканалення часта становіцца Крыжовым шляхам. Важна ведаць – Хто цябе па гэтым шляху вядзе, і справа застанецца за малым – быць побач, ідучы за прыкладам дачок ерузалемскіх, што ішлі за Хрыстом па дарозе да Галгофы.
“Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.” (Лк, 23: 27). Давайце прыгледземся да гэтага натоўпу – галаслівы, жорсткі, дзікі, поўны ганебных выкрыкаў, абразлівых словаў, скіраваных да Езуса, замучаны прагай “хлеба і відовішч”. У ім мноства людзей, што з’ехалася з усіх ваколіц у вялікі горад на свята Праснакоў, верагодна, тыя, што менш за тыдзень таму высцілалі дарогу ў Ерузалемскую браму сваімі плашчамі, вітаючы новага “прарока”, магчыма, тыя, што на плошчы пад Пілатавым палацам крычалі “Укрыжаваць!”, можа, тыя, што праз неакторы час стануць аднымі з Яго паслядоўнікаў і аддадуць сваё жыццё за праўду…. Але гэта будзе пасля. Цяпер гэта проста раз’юшаны абыякавы тлум, чыя цікаўнасць да традыцыйнай габрэйскай забавы, падагрэтая асобай асуджанага, астыне адразу пасля таго, як прысуд будзе выкананы.
Уявіце сабе Езуса ў гэты момант. Гэта ўжо другая палова Яго нясцерпна доўгага шляху да месца пакарання, збітае цела наліта цяжарам, зрок засланы крывёю і потам, кожны крок нясцерпным болем аддаеца ў галаве, пыл, узняты жудаснай працэсіяй, перашкаджае дыхаць. Да Яго слыху даносіцца свіст пугаў і вокрыкі рымскіх жаўнераў, трыумфуючыя праклёны фарысеяў, ціхія ўздыхі Сымона Кірынейца, што побач з Ім нясе крыж. Езус падае ў другі раз. Натоўп лікуе, а над - ім спачатку ледзьве чутна, потым больш і больш выразна - рассцілаюцца жаночыя галашэнні і плач дачок Ерусалімскіх… Езус уздымае вочы. Каго Ён бачыць сярод іх?
Магчыма, тую самаранку, падманутую пяццю мужамі, якая ў гарачы поўдзень прыйшла да Якубавай студні, каб схавацца ад людскіх вачэй і словаў, якая дала Яму напіцца вады і якой Ён першай адкрыўся як Месія. Можа, Сымонаву цешчу, якую Ён ацаліў ад гарачкі і якая, будучы вернай свайму Збавіцелю, прышла сюды, каб быць побач з Ім у апошнія гадзіны, нягледзячы на тое, што сам Сымон-Пётр тройчы адрокся ад Настаўніка. Пэўна, тую жанчыну з Ханэі, што толькі дакрануўшыся да Яго плашча, пазбавілася ад хваробы, ад якой пакутавала дванаццаць гадоў і з-за якой яна цярпела прыніжэнне і пагарду. Верагодна, Яго погляд спыніўся на дарагіх Ягонаму сэрцу Марце і Марыі, якая, прадчуваючы блізкае расстанне з Ім, падрыхтавала Езуса да пахавання, намасціўшы каштоўнымі алеямі за дзень да апошняй вячэры. Сярод сплаканых жанчын магла быць і адважная Вераніка, што, не пабаяўшыся асуджэння натоўпу і ўдараў рымскіх бізуноў, кінулася да скатаванага Хрыста, каб ацерці Яму твар. Тут была і Марыя Магдалена, якая была ўратавана Ім ад каменавання і пазбаўлена сямі дэманаў, а цяпер стала падтрымкай для Ягонай Маці ў найцяжэйшыя моманты, якія толькі можа перажыць жанчына – моманты болю, які церпіць дзіця, і ўсведамлення таго, што ты нічога не здольна з гэтым зрабіць, моманты, калі “праз душу праходзіць меч” (Лк, 2:35). Ён убачыў вочы Маці, поўныя гора, роспачы, трывогі, але і адначасова напоўненыя непахіснай верай, шчырай надзеяй і бязмежнай любоўю. Ён сустрэўся з гэтым позіркам, які даў Яму сілы ў чарговы раз падняцца, каб працягнуць свой шлях да Крыжа і наш шлях да неба…
Усе гэтыя жанчыны, што былі побач з Езусам у гэты момант - усе, акрамя Ягонай Маці, - былі далёкімі да ідэалу. Яны асуджаліся грамадствам і станавіліся ганьбай для ўласных сем’яў, яны цярпелі здзек мужчынаў і прадавалі сябе, яны хавалі дзяцей, заставаліся ўдовамі і пакутавалі ад страшных хваробаў… Але на гэтым шляху яны былі з Хрыстом, бо ведалі, што толькі прайшоўшы па гэтай дарозе, яны стануць іншымі – такімі, якія змогуць паглядзець Яму ў вочы.
А ці я і ты сярод іх?
Вольга Рамейка