Жанчына любіць вушамі, мужчына ж – вачыма і, згодна з распаўсюджаным меркаваннем, смакавымі рэцэптарамі. Але з часам чалавечы слых, зрок, смак схільны губляць сваю вастрыню і рэзкасць, а адзінае, што застаецца – любоў, што не залежыць ад знешніх праяў. Тым не менш, такія праявы - вельмі неабходныя і страшэнна прыемныя рэчы ў адносінах.
І гаворка ідзе не толькі пра мілыя жэсты закаханых: ад у чарговы раз прамоўленых і так важных словаў “Я цябе кахаю” да прыемных смс і сімвалічных падарункаў. Гэта датычыцца любых людскіх зносін. Але часамі здараецца так, што чалавеку, які побач, трэба зусім не гэта, а магчымасць быць выслуханым і пачутым, магчымасць падзяліцца сваімі штодзённымі праблемамі і маленькімі перамогамі над сабой, проста чыясьці маўклівая прысутнасць, ад якой не можа быць няёмка. Але як навучыцца распазнаваць праўдзівыя чалавечыя патрэбы? Як спалучыць у сабе ўменне быць дзеячам і слухачом, дапаможцам і назіральнікам, “правай рукой” і “камізэлькай, у якую можна паплакацца”,… Мартай і Марыяй?
Марта і Марыя – сёстры ўваскрэсенага Лазара – сябра Езуса, адныя з нешматлікіх жанчын, што мелі магчымасць слухаць словы Хрыста і быць Яго вучнямі. Хаця толькі адна з іх скарысталася з такой магчымасці… Але давайце па парадку!
Тройчы ў Евангеллі сустракаюцца сцэны з удзелам гэтых жанчын – абсалютна розных характараў і жыццёвых падыходаў. Упершыню мы бачым іх у доме Марты (Лк, 10:38-42), куды Езус завітаў падчас свайго чарговага падарожжа. Перад намі паўстае абсалютна банальная бытавая сцэна. Малады мужчына, магчыма, равеснік дзяўчат, сябар іх брата прыходзіць у дом, дзе, магчыма, бываў ужо неаднойчы. Езус, хоць і стомлены з дарогі, хоча шмат пра што расказаць. Ён мае ўжо мноства вучняў, толькі-толькі абраў сабе апосталаў, пэўна, цешыцца з гэтага. Аднак шмат людзей застаюцца глухімі да Яго Словаў, асуджаюць і гоняць Яго – гэта Езуса непакоіць, турбуе, засмучае. Ён паміж сваіх, Яму няма чаго хаваць і утойваць, Ён можа нарэшце адпачыць ад тлуму і натоўпу, які акаляе Яго ўжо на працягу доўгіх дзён шляху. Увішная, зграбная Марта збірае да стала, клапоціцца пра добры пачастунак для дарагога госця. Чуллівая, ціхмяная Марыя цалкам аддае сваю ўвагу Езусу, сеўшы ля Яго ног, магчыма, падпёршы рукой падбароддзе і шырока расплюшчыўшы вочы, слухае тое, што Ён распавядае. Канфлікт, які ўспыхвае паміж сёстрамі, пэўна, мае месца не ўпершыню і яшчэ раз падкрэслівае блізкасць Езуса да гэтай сям’і, бо перад чужымі людзьмі так зазвычай не робяць. Езус становіцца яго сведкам і, на думку Марты, павінен выступіць у якасці аўтарытэтнага суддзі. Яна скардзіцца на безадказную, на яе погляд, Марыю, якая не хоча дапамагаць сястры. Яна шукае падтрымкі і доказаў сваёй праваты, а атрымлівае… сяброўскае асуджэнне: “Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае”. Такога яна дакладна не чакала! Яна ж хацела як лепей, хацела аказаць пашану і гасцінны прыём, а атрымала вымову за празмерную клапатлівасць. Марта больш непакоілася пра камфортную знешнюю абстаноўку, у той час як Езус больш патрабаваў проста быцця разам і ўвагі да сябе, што і здолела даць Яму Марыя. Марыя, якая, сеўшы ля ног Пана – то бок, прыняўшы паставу вучня – парушыла ўсе нормы паводзін жанчын у тагачасным габрэйскім грамадстве, “выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ад яе”.
І тут варта звярнуць увагу на тое, што Езус не адмаўляе вартасці той справы, якую рабіла Марта. І я ні ў якім разе не падводжу да той думкі, што нашы адносіны – будзь то з бліжнім ці то з Богам – павінны грунтавацца выключна на так званай кантэмпляцыі, што ў свядомасці большасці асацыіруецца з “нічога не рабленнем”. Мне падаецца важным уменне знаходзіць час і магчымасць і на актыўную дзейнасць дзеля кагосьці/ чагосьці, і на быццё не проста побач, а разам, су-існаванне. Пра гэта мы вельмі часта забываемся сёння, ставячы матэрыяльны бок на першы план у адносінах да супрацьлеглага полу, у выхаванні дзяцей, у стаўленні да бацькоў, у дачыненні да Бога… У сучасным свеце, дзе час – гэта грошы, не варта забываць, што час, праведзены са сваімі каханымі, сябрамі, бацькамі і дзецьмі - гэта шмат больш, чым грошы!
Проста спыніся на хвіліну, адкладзі ўсе клопаты і пільныя справы, спытайся ў мужа ці ў жонкі, як прайшоў сённяшні працоўны дзень, патэлефануй маме, адцягні дзіця ад камп’ютара і схадзіце разам на прагулку, адкажы сяброўцы на даўно забытае паведамленне, хоць на пяць хвілін зайдзі ў храм і сядзь, як Марыя, ля ног Пана і проста слухай … І, магчыма, гэты дзень стане лепшым ў тваім жыцці!
Вольга Рамейка
Здымак з alodiaaa.blogspot.com