Skip to main content

12 важных пастулатаў для дзяўчат. Працяг

82703863 4601429 vlublennaya paraПрапануем другую частку артыкула Вольгі Рамейкі "12 важных пастулатаў для дзяўчат", напісаны паводле кнігі Яцэка Пулікоўкага "Кракадыл для каханай". Пачатак матэрыяла глядзіце на старонцы нашага партала тут.

7. Чакайце ад мужчын розуму. Хвалячы і шануючы, мабілізуйце іх.

Розум для мужчыны – тое самае, што прыгажосць для жанчыны. У вялікай меры пачуццё ўласнай годнасці ў мужчын залежыць ад усведамлення таго, што ён разумны. І гаворка не ідзе пра тое, што жанчына менш за мужчыну адорана інтэлектам. Нашыя спосабы мыслення немагчыма параўноўваць, бо мы дапаўняем адно аднаго. Але жанчыну прасцей падмануць, ашукаць. Гэта нам паказвае адна з першых біблійных сцэнаў. Хітры змей зводзіць не Адама, а Еву. Ён ведае, што робіць! Дзяўчаты, калі вы ўпэўнены, што ў спрэчцы са сваім хлопцам вы маеце рацыю, успомніце такі выраз: “Па-сапраўднаму разумная жанчына заўсёды ведае менш за мужчыну, з якім размаўляе”.

8. Дапамажыце мужчынам будаваць аўтарытэт у вачах дзяцей.

Давайце звернем увагу на біблійную сцэну, калі Маці Божая пасля трох дзён пошукаў знаходзіць свайго дванаццацігадовага сына ў святыні і кажа: “Бацька Твой і я шукалі Цябе”. Менавіта ў такой паслядоўнасці: “Бацька Твой і я”! Не наракае: што Ты нарабіў мне? Я, Твая Маці, была ў адчаі, месца сабе не знаходзіла. Ты нават не ўяўляеш, як я перажывала, як Ты мог?... Але так адрэагавала б, напэўна, кожная маці ў аналагічнай сітуацыі. Але па- сапраўднаму добрая, наймудрэйшая з іх кажа: “Бацька Твой і я”. Адводзячы сабе другарадную пазіцыю, нягледзячы на тыя пачуцці, што агортвалі Яе, Марыя выкарыстоўвае сітуацыю для падтрымання аўтарытэту св. Юзэфа ў вачах хлопца. І святы апякун сапраўды быў важным, а такі клопат Божай Маці аб стасунках дзіцяці і мужа, безумоўна, быў вельмі шчырым. Проста ў гэтай, Святой Сям’і, у гэтым недасягальным узоры, бацька быў на першым месцы. А ў тваёй?

9. Перадавайце ўладу ў сям’і ў рукі мужчын, але асцерагайцеся злоўжывання.

Зноў звернемся да Бібліі. Прымомніце сабе сітуацыю, калі Бог праз анёла звяртаецца да св. Юзэфа ў сне: “Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і уцякай у Егіпет” (Мц 2,13). У такой драматычнай сітуацыі няма часу на нарады і кансультацыі. Юзэф устае, садзіць Марыю з немаўляткам на асла і як найхутчэй ўцякае ад небяспекі. Пан Бог не кажа: “Перагавары з жонкай, парадзься”, альбо: “Спытай жонку, ці не хацелася б ёй пераехаць!” Не! Кажа проста: “вазьмі і ідзі”. У тую самую ноч Юзэф з сям’ёй вырушае ў дарогу. Заўважце, Марыя не пратэстуе. Не кажа, што ёй трэба яшчэ спакаваць сукенкі, зарганізаваць развітальную вечарыну, убачыцца з сяброўкамі і г.д. Маўкліва падпарадкоўваецца волі мужа. У экстрэмальных сітуацыях менавіта бацька павінен цалкам браць справу ў свае рукі. Жонцы варта паддацца яго волі, якая вынікае з яго клопату аб сям’і і любові да сваіх блізкіх. Абы толькі мы, будучыя і сённяшнія жонкі, гэта зразумелі і прынялі! Абы толькі мы хацелі і маглі сваіх будучых і сённяшніх мужоў абдарыць такім даверам!

10. Не канкурыруйце і не імнкніцеся да дамінавання.

Вельмі часта мы ў сваім паўсядзённым жыцці пазбягаем нават паняцця канфлікт і ні за што не хочам сутыкнуцца з такога роду сітуацыяй, асабліва ў сямейных адносінах. Але насамрэч канфлікт – гэта не полі бітвы, дзе хтосьці мусіць выйграць, а хтосьці атрымаць паразу. Канфлікт – гэта найбольш людская справа, нечалавечымі могуць быць метады яго вырашэння. Самае важнае і складанае пры гэтым – адарвацца ад таго, чаго ты першапачаткова хацеў. Эгаізм і эмацыйная няспеласць падказваюць, што неабходна вырашыць сітуацыю на сваю карысць, у той час, калі ў вырашэнні канфлікта на першым месцы павінна быць дабро для абодвух. Карацей кажучы, трэба забыцца пра асобы, а заняцца непасрэдна прадметам канфлікта. Канфлікта, у якім не мусіць быць пераможаных!

11. Рабіце ўсё для таго, каб вашыя мужчыны былі праваднікамі ў веры для вашай сям’і

У мяне асабіста гэты пункт выклікаў найбольш пытанняў і нездарма. Колькі разоў мы чулі ў нашым жыцці такога роду выказванні нашых маці, цётачак і бабуль ў адносінах да сваіх мужоў: “Як гэта ён праваднік ў веры? Я ж больш рэлігійная! Ды калі б не я, то ён і ў касцёл не хадзіў бы!...” Але такі падыход у сапраўднасці цалкам супярэчыць таму, як павінна быць. У чарговы раз звернемся да Святога Пісання. Святы апостал Павел у лісце да Эфесцаў (Эф 5:22-24) піша: “Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду, бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос - галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела. Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім”. Мужчына і толькі мужчына можа выконваць ролю правадніка, бо ён для гэтага прызначаны Наймудрэйшым Стварыцелем. І нават калі на дадзены момант свайго жыцця ваш мужчына не дарос да гэтай ролі, ведайце, што калі якая-небудзь мэта стане па-сапраўднаму важнай і прыцягальнай для яго, мужчына касцьмі ляжа, але гэтай мэты дасягне. Справа за малым – даказаць, што ён у ролі правадніка (і ў любой іншай ролі) важны для вас і вашай сям’і!

12. Нястомна і цярпліва маліцеся за сваіх мужоў і жаніхоў, нават за тых, каго яшчэ не ведаеце.

Некаторыя дзяўчыны ў дзяцінстве цішком цалавалі жабак, але ніводная з іх так і не аказалася чароўным прынцам. Цяпер дарослыя дзяўчыны не робяць ніякіх крокаў для таго, каб свае шанцы на спатканне з прынцам павялічыць. На жаль, сённяшнія прыгажуні, пад уплывам вымаганняў сучаснай культуры вераць, што іх лёсавырашальная сустрэча залежыць ад таго, як яны будуць апранутыя (хаця часам больш падыходзіць азначэнне - распранутыя). Значная частка дзяўчат клапоціцца пра свае параметры, коштам уласнага здароўя імкнучыся да ідэалу ў паставе Барбі.

Дарагія дзяўчаты, паверце, што абы якія хлопцы, можа, і “вядуцца” на абы што, аднак сапраўдныя прынцы, што ходзяць па свеце, маюць значна большыя вымаганні. Каб павялічыць шанец на спатканне прынца, трэба бываць там, дзе такія прынцы бываюць і… маліцца. Дзяўчына можа маліцца аб здароўі для сябе і блізкіх, аб паспяховай здачы сесіі, нават аб атрыманні жаданага падарунка. Чаму нам у галаву не прыходзіць памаліцца – цярпліва і трывала – аб сваім будучым мужы? Ён жа дзесьці рэальна існуе, дзесьці жыве, ходзіць па зямлі, яму можа пагражаць небяспека… Што тут казаць, калі нават ужо замужнія часта забываюцца пра малітву за сваіх мужоў. Але адзін малітоўны ўздых здольны на вялікія рэчы ў вашых мужах і вашых адносінах. Думаю, сёння вы не забудзецеся на такую малітву!

Вольга Рамейка

Рэдагавана: 30 Студзеня 2013