12 важных пастулатаў для дзяўчат
Сучасная жанчына вымушана пастаянна змагацца і камусьці штосьці даказваць. Модныя часопісы даюць парады, як папхнуць канкурэнтак з кар’ернай лесвіцы і вучаць, што ўсё ж такі трэба з’есці, каб пахудзець. Жыццё жанчын ператвараецца не проста ў барацьбу, а ў штодзённае несціхальнае поле бітвы, на якім не можа быць пераможцаў, а ў большай ступені пакутуе сама “барацьбітка” і яе блізкія.
Імпэт жанчыны не сціхае і на асабістым фронце. Яна горда ўздымае сцяг змагаркі за ўласнае шчасце і з усёй характэрнай для яе заангажаванасцю ўзвальвае на сябе ролю галавы сямейства, наракаючы на свайго мужчыну, што той неадказны, безыніцыятыўны, абыякавы, няздольны прымаць рашэнні і г.д.… Стоп! А ці мужчына меў шанс даказаць, што ён здольны на многае, дзеля той, якую кахае? Ці ты, што маеш шчасце быць з ім побач, чакаеш ад яго гэтага самага “многага”? Калі ты задумалася над гэтым пытаннем (а калі не – то яшчэ прыйдзе твой час), то кніга, пра якую я хачу напісаць у гэтым артыкуле, - для цябе.
Абсалютна выпадкова натрапіўшы на яе ў Інтэрнэце, я не магла не падзяліцца з чытачамі (калі яны ёсць) ўражаннямі ад знаёмства з ёй. Кніга “Кракадыл для каханай” была напісана Яцкам Пулікоўскім (крыху больш пра аўтара тут) спецыяльна для жанчын, але ў большай ступені для дзяўчат, якія толькі прыглядаюцца да хлопцаў, разважаючы: “А можа той самы?” і не ўсведамляюць сваёй ролі ў стварэнні “таго самага” для сябе. Таму галоўная думка аўтара заключаецца ў тым, што моц, якой валодае жанчына, можа дапамагчы мужчыне ў асабістым узрастанні ў ролі мужа і бацькі.
Аўтар прыводзіць 12 пастулатаў, выконваючы якія, жанчыны могуць дапамагчы мужчынам лепей функцыянаваць ў свеце, асабліва ў свеце адносін. Я пастараюся кораценька асветліць кожны з пунктаў і спадзяюся, што такое азнаямленне дасць вам, дзяўчаты, натхненне на больш падрабязнае знаёмства з кнігай і ператварэнне яе ў план дзеянняў, а вас, хлопцы, падштурхне да новых подзвігаў для сваіх “дамаў сэрца”.
Вось гэтыя пастулаты:
1. Шануйце самыя сябе. Тады і вас будуць шанаваць.
Хлопцу вельмі цяжка з павагай ставіцца да дзяўчыны, якая сама сябе не шануе. Калі ў шлюбе пачынае рабіцца штосьці нядобрае, жанчына павінна пяпярэдзіць магчымыя наступствы, па-першае праз выраз свайго незадавальнення сітауцыяй. Вельмі часта адбываецца так, што жанчына, заўважаючы першыя адзнакі зневажальных і хамскіх адносінаў да сябе з боку мужа, думае: “Нічога, я гэта перацярплю. Абы было ціха ў хаце і спакойна”. Ці гэта спакой? Таму жанчына, як асоба больш чуллівая да таго, што ёсць дабро і зло, мусіць выбудаваць тую мяжу, за якую ў адносінах з ёй пераходзіць не варта.
2. Патрабуйце ад мужчын адпаведных адносін да сябе ў штодзённым жыцці.
Дзяўчаты, дайце хлопцам магчымасць быць джэнтэльменамі! Хлопцы, нават сустрэўшы дзяўчыну, якая сябе не шануе, прымусьце яе адчуць сябе шанаванай! Узяць, напрыклад, просты жэст падавання плашча. Калі яна яму скажа: “Не выдурняйся, не хачу, каб ты мне падаваў плашч”, а ён ёй з усмешкай адкажа: “А я хачу, каб да маёй дзяўчыны так адносіліся, таму дазволь мне так сябе паводзіць”. То скажыце, ці знойдзецца хоць адна, якой гэта не спадабаецца?
3. Стаўце да асобаў мужчынскага полу высокія вымаганні.
Праблема большасці дзяўчат у тым, што яны не ведаюць, чаго чакаюць ад сваіх каханых. Аўтар, размаўляючы з дзяўчатамі, што рыхтуюцца да шлюбу, часта чуе такі адказ: “Каб быў добры, вясёлы і … не піў зашмат”. Слухайце, любы нармальны закаханы хлопец гатовы дзеля яе горы звярнуць і зорку з неба дастаць, а яна… Мужчынам проста неабходны высокія вымаганні, яны тады адчуваюць, што іх шануюць, ім давяраюць і кахаюць іх! Дзяўчаты, уключайце фантазію!
4. Апірайцеся на сваіх хлопцаў, жаніхоў і мужоў.
Мужчына павінен ведаць, што ён апірышча для сваёй каханай, нават тады, калі яна сама можа справіцца. Давайце ўявім жанчыну, якая абсалютна не дае сабе рады па жыцці. Яна патрабуе мужчынскай падтрымкі. Яна б яго проста ашчаслівіла, калі б паказала сваю слабасць і папрасіла дапамогі. Дык не, яна часта пачынае граць ролю “жалезный ледзі”, якая з усім спраўляецца, не патрабуе нічыёй дапамогі, літасці, падтрымкі і ўвагі. А ўсё таму, што сённяшняя культура даводзіць нам, што слабая жанчына нічога не варта. Няпраўда! Дзяўчаты, будзьце слабымі!
5. Дазваляйце ім браць на сябе цяжкасці.
Цяжкасць – гэта перашкода на шляху да мэты. Мужчына, адчуваючы на сабе цяжар, будзе вымушаны дарастаць да сваёй ролі. Калі якая-небудзь жанчына кажа: “Мой муж на такое не здольны”, то паўстае заканамернае пытанне: “Вы сапраўды гэта спрабавалі высветліць ці проста так вырашылі?”. Калі не спрабавала, то, можа, варта паспрабаваць. А калі проста ў гэтым упэўнена – то дзеля чаго такога для сябе абрала? Аналітычны, рацыянальны мужчынскі спосаб мыслення дае ім магчымасць больш проста і хутка вырашыць праблему, чым жанчынам, што кіруюццца эмоцыямі і пачуццямі. Трэба даць магчымасць мужчыне быць ваяром!
6. Клапаціціся пра тое, каб вашыя мужчыны былі штораз больш адказнымі.
Часта дзяўчына, калі сустрэне хлопца, у якім бачыць свайго будучага мужа, больш нічога яд яго не хоча – абы толькі ён быў з ёй, абы толькі не перадумаў. Не мае да яго ніякіх патрабаванняў. Але ніхто з нас не нараджаецца адказным. Адказнасць трэба выхоўваць у сабе і іншых. Нават калі самы неадказны хлопец сустрэнецца з разумный дзяўчынай, яна будзе мець усе шанцы праз якісьці час зрабіць з яго вельмі адказнага мужчыну. Дастаткова проста ставіць перад ім задачы, хваліць за іх выкананне і дзякаваць за ўсё тое добрае, што ён робіць!
Працяг будзе….
Вольга Рамейка