Цяжка перабольшыць ролю жанчын ў гісторыі Касцёла. І хаця ў некаторыя моманты яны заставліся незаўважнымі, іх значэнне ў стаўленні, аднаўленні і пашырэнні справы Божай на Зямлі не станавілася менш важным.
Акрамя таго, прызнанне пачэснага месца жанчын Святым Прастолам атрымала новы штуршок у сярэдзіне мінулага стагоддзя,калі Папа Ян XXIII абвясціў гэта “знакам часоў”. Пасля быў Павел VI, які пайшоў на беспрэцэдэнты крок і запрасіў жанчын да ўдзелу ў Другім Ватыканскім Саборы, а таксама аб’явіў дактарамі Касцёла Кацярыну Сіенскую і Тэрэзу Авільскую; а пасля - Ян Павел II, які зрабіў тое самае з Тэрэзай з Ліз’ё ў 1997 г.; а потым, нарэшце, і Бэнэдыкт XVI, які вырашыў прызначыць такое ганаровае званне адной з самых выбітных жанчых Сярэднявечча Хільдэгардзе Бінгенскай.
І сёння ўнёсак жанчын – свецкіх і кансэкраваных – у развіццё Касцёла становіцца ўсё больш і больш значным. Доказам таму можа паслужыць той факт, што колькасць законніц ў свеце - 740.000, у параўнанні з 460.000 законнікаў і святароў. Тым не менш, іх дзейнасць не кідаецца на першы погляд у вочы, хаця і з’яўляецца неадлучнай і крайне неабходнай часткай сённяшняга нашага існавання. Таму мэта гэтай нізкі артыкулаў – адлюстраваць і вывесці на паверхню ўсё тое, чым жанчыны супрычыняліся і супрычыняюцца да жыцця Касцёла і свету.
Аўтары натхніліся фразай са Святога Пісання, якая адносіцца да Марыі і двойчы стустракаецца ў Евангеллі ад Св. Лукі (2: 19, 51): “А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.” Гэта значыць, што Яна не проста заўважала і запамінала ўсё тое, што адбывалася навокал. Розныя падзеі і сітуацыя з жыцця Яе і Яе Сына знаходзілі ў сэрцы матчыным Марыі эмацыйны адбітак і жывую рэакцыю. Усё, што бачылі астатнія – толькі маўклівая згода.
Таму гаворка тут не будзе ісці пра фемінізацыю, эмансіпацыю і іншую “-цыю”, што сталі так папулярнымі і шырока абмяркоўваемымі з усіх трыбун. Гэтыя артыкулы будуць пра тых жанчын, якія ўсім сваім жыццём паказвалі і паказваюць, што значыць быць проста маці, дачкой, сястрой, сябрам; проста чалавекам, рука якога працягвае хлеб галоднаму, дае прытулак бяздомнаму і суцяшэнне журботнага; што значыць жыць, верна наследуючы Хрыста і Яго Маці.
1. „L’osservatore Romano” . Mayo, 2012. № 1 Un encarte en feminino
2. „L’osservatore Romano” . Mayo, 2012. № 1 Una nueva propuesta
“Я нарэшце знайшла шчырага, добрага. На жаль Ён памёр на сваім крыжы…”
Таццяна Беланогая
Рым – горад неабсяжны не толькі ў часе, але, як мне падалося, і ў прасторы. Але з трохсот рымскіх парафій, што прымалі пілігрымаў падчас спаткання Тэзэ, мне наканавана было патрапіць у базіліку Святой Агнешкі за сценамі (Sant’Agnese fuori le Mura). Захопленая вясновым надвор’ем, веліччу палацаў і храмаў, утульнасцю ціхіх вулачак і вывучэннем мапы рымскай падзмекі, я, прызнацца, не надала годнай ўвагі знешне нічым не адметнаму, аднаму з тысяч касцёлаў вечнага горада, дзе правяла так шмат часу. А шкада…
Прыехаўшы дадому і крыху спарадкаваўшы думкі, зразумела: не я выбрала гэтае месца, а яно выбрала мяне. Святая Агнешка, на месцы пахавання якой у VII стагоддзі быў узведзены гэты храм, нарэшце мяне даклікалася. Таму першы мой артыкул – пра яе. Шчыра кажучы, маё жаданне напісаць пра гэтую дзяўчыну было ўзмоцнена яшчэ адным асабістым фактам. Каталіцкі Касцёл успамінае святую 21 студзеня. Менавіта ў гэты дзень я павінна была нарадзіцца, але ў першы і далёка не ў апошні раз у сваім жыцці крыху паспяшалася. Так што тэарэтычна я магла б быць Агнешкай, але так атрымалася, што мне да яе далёка.
На мяжу III і IV стагоддзяў прыйшоўся час праўлення імператара Дыяклетыяна, фундатара славутых рымскіх лазняў і жорсткага ганіцеля хрысціянаў. “Небяспечная секта”, да якой сталі належаць ужо і заможныя гараджане, набывала пагрозлівыя маштабы. На гэтым фоне і разгарнуліся падзеі катавання і мучаніцкай смерці 12-гадовай Агнешкі. А прычынай таму стала каханне, калі гэта можна так назваць.
Дзяўчына, выгадаваная ў сям’і рымскіх патрыцыяў, была адорана надзвычайнай прыгажосцю і мудрасцю. Як сведчаць легенды, яе карміцелькйа стала той, што прывіла Агнешцы веру ў Адзінага Бога. З дзіцячай адданасцю і дарослай вернасцю свайму выбару яна шлюбавала Хрысту сваю вечную любоў і ахвяравала Яму сваю дзявоцкасць. Зачараваны неверагоднай прыгажосцю Агнешкі, у яе закахаўся сын аднаго з рымскіх чыноўнікаў і стаў актыўна дабівацца яе сімпатыі: закідваў падарункамі і кампліментамі, чакаў яе на вуліцы, нагадваў пра сябе праз агульных знаёмых. Але хлапец усё ніяк не мог уцяміць, пра якога Жаніха гаворыць Агнешка, адмаўляючы яму ў каханні. Таму далей метады яго заляцанняў сталі больш жорсткімі, агрэсіўнымі і прымусовымі. А напрыканцы ён пайшоў на па-сапраўднаму “мужчынскі” крок: папрасіў уплывовага тату разабрацца з сітуацыяй. Калі ж той даведаўся, што Агнешка хрысціянка і што яна ахвяравалася “свайму Богу”, то паставіў перад ёй ультыматум: альбо выходзь замуж, альбо - калі хочаш захаваць дзявоцкасць – ідзі ў храм багіні Весты і прынось там ахвяры. У любым выпадку ад яе патрабавалася адно – адрачэнне ад Хрыста.
На змову з д’яблам мужная Агнешка не пайшла, і ёй быў вынесены смяротны прысуд. Але “шляхетныя” рымляне не маглі караць цнатлівых дзяўчын. Таму маладую дзяўчыну вырашана было адвесці ў публічны дом. Як толькі яе распранулі, валасы Агнешкі выраслі і прыкралі яе цела, а Анёл Божы спусціўся да яе і заліў усю прастору яркім святлом так, што ніхто вачэй не мог падняць, каб разгледзець дзяўчыну. Калі сярод прысутных знаходзіліся ахвотнікі на тое, каб наблізіцца да яе, яны падалі, аслепленыя, ці паміралі. Сярод памерлых апынуўся і віноўнік усіх гэтых падзей. Агнешка, звярнуўшыся з палымянай малітвай да Нябеснага Жаніха, уваскрасіла свайго няўдалага жаніха зямнога. Пасля шматлікіх спробаў забіць дзяўчыну – да яе не дакранаўся ні агонь, ні каменне – каты пакаралі яе адсячэннем галавы.
21 студзеня яна была пахавана на тым месцы, дзе праз тры стагоддзі ўзвялі цудоўны храм, і куды яшчэ праз чытарнаццаць стагоддзяў ступіла мая нага.
Прайшло столькі год, а свет мала чым змяніўся. Сёння, як і ў дыяклетыянаўскую эпоху, па-ранейшаму будуюць “лазні”, больш клапоцячыся пра знешнюю чысціню і лоск; называюць людзей, што свядома робяць выбар і яго прытрымліваюцца, несучаснымі цемрашаламі; і так і не разумеюць, што значыць любіць і кахаць. А крыніца Любові, якая “ніколі не мінае” (1 Кар 13:8), была і застаецца адна. Агнешка пра гэта ведала і праз стагоддзі сведчыць аб гэтым нам.
Падумайце толькі, ёй было 12, па сённяшніх мерках – дзіця. Але, будучы дзяўчынай, святая не магла не адрэагаваць на знакі ўвагі маладога і, пэўна, прыгожага хлопца. Верагодна, ён падабаўся ёй, але яна засталася верная свайму слову і не паддалася на яго спробы. Яго памылка ў тым, што ён хацеў мець яе, а не быць з ёй, меркаваў, што яе прыязнь можна купіць за падарункі. Але гэта не паказальнік яго мужнасці, як і яго абсалютна ўласніцкі падыход да Агнешкі, калі, атрымаўшы гарбуза ад дзяўчыны, ён яе выдаў на верную смерць. Яна ж, не па сваёй волі стаўшы прычынай ягонай гібелі, выпрасіла для яго жыццё. Як сведчаць легенды, хлопец пасля свайго цудоўнага ўваскрашэння навярнуўся і таксама пазней прыняў мучаніцкую смерць за веру, нарэшце з’яднаўшыся з каханай. Дык вось у чым сапраўднае каханне: у чысціні, у вернасці свайму выбару і слову, ва ўменні прабачыць і даць другі шанец. Вось у чым навука для нас у жыцці вялікай святой, вялікай дзяўчыны…
Вольга Рамейка, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Пра аўтарку: Паходзіць з Ліды, парафія Ліда-Фара. На дадзены момант вучыцца на 5 курсе БДУ, вывучае міжнародныя эканамічныя адносіны і замежныя мовы.