Часам, размаўляючы са сваімі дзецьмі, мы не заўважаем, што за некаторымі фразамі крыюцца не клопат і любоў, але сігналы, якія ў будучыні могуць нанесці ўрон дзіцячай псіхіцы.
1."Хачу, каб маё дзіця назаўжды засталося маленькім. Каб заўсёды было такім мілым".
Гэтымі словамі мы падаем сігнал падсвядомасці дзіцяці: "Не расці! Пакуль ты маленькі - цябе любяць і ты ў бяспецы".
Чым пагражае: затрымкай у развіцці дзіцяці, маленькім ростам, вагай, страхам сталення, страхам адзіноты, сыходам у фантазійны свет або наадварот - раннім сталеннем, агрэсіяй.
Што рабіць: часцей казаць дзіцяці: "Я радуюся кожнаму твайму дню. І кожнаму году сталення. Я ганаруся кожным тваім крокам. І дазваляю табе быць розным. Кожны ўзрост нясе табе свой падарунак".
2. Частае ўжыванне займенніка "мы" (пасля таго, як дзіця сказала пра сябе "я").
Калі бацькі кажуць пра дзіця, старэйшае за 4 гады: "Мы пайшлі ў школу, мы захварэлі..." – гэта сведчыць аб тым, што бацькі не ўспрымаюць дзіця асобна ад сябе. І падсвядома не дазваляюць яму аддзяліцца і аддаліцца. Менавіта бацькі ствараюць глебу для сузалежнасці дзіцяці і не даюць яму магчымасці адчуць свой ўласны патэнцыял. Бацькі, якія не маюць уласнай рэалізацыі, рэалізуюцца ў дзіцяці, а занадта клапатлівыя - стараюцца ўтрымаць дзіця "пад крылом".
Чым пагражае: дзіця становіцца або паслужлівым, або упартым і агрэсіўным, несамастойным, плаксівым, можа часта хварэць, выглядаць стомленым. У такіх дзяцей часта здараюцца алергічныя рэакцыі і зацяжныя бранхіты (не адпускаючы дзіця ў яго "я", мы перакладаем на яго груз нашых задач, хвароб).
Што рабіць: варта "намаляваць" асобна сябе, асобна дзіця. Задаць сабе пытанне: "Пра што я марыў, што я магу зрабіць для сябе і свайго патэнцыялу". Варта нагадваць дзіцяці: "Ты - гэта ты. Я - гэта я. У кожнага з нас свой патэнцыял, свае задачы, сваё жыццё і лёс".
3. Калі гаворым пра дзяцей: "Мой мужчына, мая жанчына".
Мы ствараем блытаніну ў ролях. Робім дзіця сваім "партнёрам" замест рэальнага дарослага партнёра.
Чым пагражае: мы ствараем звязку - мама-сын, тата-дачка, пазбаўляючы дзіця магчымасці стварыць гарманічную пару ў будучыні. Мы ставім дзіця на прыступку побач з сабой, а на гэтай прыступцы задачы іншага ўзроўню. Мы аддаляем мужа/ жонку.
Што рабіць: сфакусаваць адносіны на дарослым партнёрстве, на пары. Праяўляць знакі ўвагі да жонкі/мужа. Важна, каб дзіця звярталася да бацькоў не проста па імені, а называла іх ролі - "мама", "тата". Варта казаць дзіцяці: "Ты абавязкова знойдзеш другую палоўку, якую будзеш кахаць. І мы будзем рады твайму выбару".
4. "Які дрэнны стол / крэсла - ударыў дзіця, давай яго пакараем. Падыдзі, я цябе пашкадую ...".
Калі дзіця спатыкаецца, ўдараецца аб мэблю, бацькі, каб перанесці ўвагу і даць "кампенсацыю" за боль, прапаноўваюць "адпомсціць" - вярнуць боль, ударыць "крыўдзіцеля".
Чым пагражае: так мы вучым дзіця не браць адказнасць за свае дзеянні і перакладаць віну. І помсціць "знешнім" аб'ектам за любы дыскамфорт. Не вучым дзіця здаровай асцярожнасці і ўважлівасці.
Што рабіць: у такім выпадку варта казаць дзіцяці: "Давай я пацалую (не пашкадую!) Мама (тата) з табой! Напэўна, гэта вельмі балюча. Дакранаемся да стала - ты стукнуўся аб рог. Глядзі - вось кут. Трэба быць больш уважлівым".
5. "Ты будзеш самым вялікім (самым лепшым) фізікам, танцорам..."
Чым пагражае: мы ствараем ў дзіцяці глебу для развіцця неўрозу і перфекцыянізму. Дзіця будзе старацца адпавядаць чаканням бацькоў (але рабіць гэта, каб не страціць іх увагі і любові, а таксама губляць кантакт з прыроднай радасцю) або пры перашкодах можа расчаравацца ў сабе і шукаць бяспекі (у фантазіі, кампутары, тэлевізары, хваробах, залежнасцях).
Што рабіць: клапаціцца аб уласным развіцці, каб не ажыццяўляць у дзіцяці тое, што не змаглі рэалізаваць самі. Замест слоў "я цябе люблю за..." казаць "я ў табе люблю...". Важна распавядаць пра свае памылкі, распавядаць смешныя гісторыі пра сябе, дазваляць дзіцяці рабіць памылкі, факусаваць увагу на працэсе больш, чым на выніку. Варта казаць дзіцяці: "Я веру ў твой патэнцыял і давяраю тваёй прыроднай мудрасці. Я веру ў тое, што ў кожнага ёсць сваё месца ў жыцці, і ты зоймеш сваё ўласнае месца. Я падтрымаю цябе ў тваім развіцці. І згодны з тым, што ты можаш выбраць свой уласны шлях".
6. "Ты - выліты тата/мама".
Нам уласціва шукаць падобныя рысы ў дзецях. Нам важна "мець свой працяг" у іх. Але часам мы "гадуем" у сабе не толькі знешнасць, але і якасці, хваробы.
Чым пагражае: дзіця "зліваецца" з бацькам, "падабенства" з якім пастаянна падкрэсліваецца. Мы быццам "прысвячаем" дзіця гэтаму даросламу. Яно можа згадзіцца быць "копіяй", а можа і супраціўляцца гэтаму. У першым выпадку яно пераймае рысы характару, рэакцыі, часам захворванні, трапляе ў падобныя сітуацыі. Яно ідэнтыфікуецца з тым, з кім падкрэсліваецца падабенства. У другім – дэманстратыўна можа пазбягаць кантакту з тым, з кім яго параўноўваюць, паводзіць сябе агрэсіўна, адмаўляцца ад відавочных якасцяў, якія ўласцівы абодвум.
Што рабіць: варта казаць дзіцяці: "Вы падобныя, але вы розныя. У кожнага свой лёс, свая сіла, свой патэнцыял. Ты ўзяў самае каштоўнае з двух родаў і падобны сам на сябе. У цябе ёсць права быць сабой".
7. "Вось калі ў цябе будуць свае дзеці, зразумееш".
У гэтай фразе гучыць схаваная пагроза і ў падсвядомасці дзіцяці яна адлюстроўваецца як праклён. "Ты будзеш расплачвацца за ўсё, што мне прыйшлося з табой перажыць".
Чым пагражае: У будучыні дзіця можа баяцца мець сям'ю. Яно можа адчуваць, што памылілася, але не разумець - у чым.
Што рабіць: дзяліцца з дзіцём сваімі пачуццямі. Варта казаць яму: "Я цябе люблю заўсёды: калі нам весела, калі складана адзін з адным, калі ты здаровы і калі хварэеш, калі мы злуемся адзін на аднаго. Я разам з табой вучуся. І я думаю, ты будзеш цудоўнай мамай/ татам. І маю любоў да цябе перадасі далей - тваім дзецям - маім унукам ".
Падрыхтавала Вольга Парада