Адказнасць за жыццё зачатага дзіцяці; клапатлівае выкананне абавязкаў выхавацеля; праца для забеспячэння дабрабыту, пры ўмове, што гэтая праца дапамагае будаваць узаемаадносіны ў сям'і, а не разбурае яе; сведчанне веры. Так акрэслены "функцыі" бацькі ў Апостальскай адгартацыі "Familiaris consortio" св. Яна Паўла ІІ.
Кожнае зачатае дзіця мае свайго бацьку, які абавязаны пра яго клапаціцца і несці адказнасць за ягонае жыццё. Калі мужчына спрабуе зняць з сябе адказнасць за наступствы сваіх дзеянняў у гэтай сферы, ён не можа быць годным даверу і ні ў чым іншым. Адмова ад адказнасці з'яўляецца лагічным следствам прынятай ім жыццёвай геданістычнай пазіцыі, накіраванай выключна на атрыманне задавальнення.
Мужчына таксама павінен удзельнічаць у працэсе выхавання, бо яго роля ў гэтым незаменная. У адзіночку маці не ў стане даць дзіцяці ўсяго, што яму неабходна. Жанчыне, якая выхоўвае дзіця сама, варта звярнуцца за дапамогай, напрыклад, да брата. Удзел мужчыны ў гэтым працэсе сапраўды неабходны. Хоць яго роля ў выхаванні хлопчыка і ў выхаванні дзяўчынкі выглядае па-рознаму, у абодвух выпадках адсутнасць мужчыны пакіне глыбокі след у асобе дзіцяці.
Нярэдка мужчыны з галавой сыходзяць у працу. Так, праца - гэта адзін з іх абавязкаў, але ў згаданым дакуменце Святы Айцец дакладна кажа, што праца павінна забяспечваць стабільнасць сям'і, служыць ёй, а не разбураць. Гэта значыць, што мужчына павінен умець вызначыць мяжу часу, які ён праводзіць па-за домам і ў сям'і. Трэба чуваць над тым, каб грошы і кар'ера не сталі мэтай самі па сабе і не дасягаліся за кошт сям'і.
І галоўнае. Мужчына хрысціянін абавязаны ўласным прыкладам далучаць сваiх дзяцей да жыцця ў Касцёле і знаёміць іх з Хрыстом. У дзіцячай падсвядомасці бацька з'яўляецца "вобразам" Бога. Таму, калі мужчына паступае нягодна, у дзяцей ствараецца няправільны вобраз Бога. Такога Бога дзіця рана ці позна не прыме. Калі тата дае дзецям прыклад сталага хрысціянскага жыцця, ён эфектыўна прадухіляе ў іх крызіс веры. Гэтую ролю бацькі нельга недаацэньваць.
На падставе кнігі Яцэка Пулікоўскага "Варта быць бацькам" апрацавала Вольга Парада