Калядны перыяд - час правядзення святочных мерапрыемстваў у дзіцячых садках і школах. Як правільна падрыхтаваць дзіця да выступу і мінімізаваць ягонае напружанне, чытайце ніжэй.
Ранішнікі ў дзіцячых садках і малодшых класах школы
Для бацькоў ранішнік - гэта прадчуванне радасці і гонару за сваё дзіця. Для дзіцяці - свята, атрыманне задавальнення, гульня альбо страх перад выступам, страх не справіцца з задачай, не апраўдаць чаканняў дарослых (забыць словы і іншае). Чым больш у бацькоў жадання "зрабіць уражанне", тым большае напружанне адчувае дзіця.
Калі мы баімся, частка мозгу, якая адказвае за бяспеку, выключае частку мозгу, у якой захоўваюцца вершы, песні, формулы, правілы правапісу і г. д. Мы альбо ўпадаем у ступар, альбо пачынаем мітусіцца, весці сябе агрэсіўна. Гэта тычыцца дарослых і дзяцей любога ўзросту.
Калі дзіцяці страшна - самае таленавітае, артыстычнае і разумнае дзіця можа забыць словы, не трапляць у ноты. Асабліва гэта тычыцца адказных дзяцей (і дзяцей, якія растуць у сем'ях бацькоў-перфекцыяністаў).
У шумных, душных, напоўненых дарослымі памяшканнях, дзіця можа раптам пачаць:
- плакаць, закрываць вушкі (важна адвесці дзіця ў выветранае месца, даць вады ці патрымаць ручкі пад вадой);
- можа адмовіцца здымаць адзенне, апранаць карнавальны касцюм (трэба не спяшацца і прапанаваць: "Гэтую дэталь мы апранаць не будзем, а гэтую надзенем");
- можа проста разгублена стаяць (важна прысесці да ўзроўню вачэй дзіцяці, абняць яго і павольна расказаць, што цяпер трэба рабіць);
- дзіця, нават "дасведчаны артыст" падчас ранішніка можа падбегчы да мамы, прасіцца на рукі (важна ўзяць яго на рукі, абняць, потым праводзіць да сцэны).
Яно бяжыць на "падзарадку" ў самае бяспечнае месца - важна, каб гэтае "месца" было добрым і сапраўды бяспечным. Калі дзіця сустракае крытычны позірк дарослага - яно адчувае небяспеку. Крытычна глядзяць тыя бацькі, для якіх выступ дзіцяці - пацверджанне іх статусу "добры-дрэнны бацька". Важна, каб на дзіцяці не ляжала адказнасць за нашую самаацэнку. У яго - свае задачы ў жыцці, у нас - свае.
Калі няма магчымасці прысутнічаць на ранішніку - праз выхавацеля можна перадаць дзіцяці ліст са словамі або малюнкамі падтрымкі.
Мерапрыемствы дома з кампаніяй
Важна з дзіцём любога ўзросту прадумаць, якімі рэчамі, цацкамі яно гатова дзяліцца, якія лепш наогул схаваць. Прагаварыць сцэнарый свята, даць адказнае даручэнне (раскладваць сурвэткі, праводзіць гасцей да стала).
Важна памятаць, што дзіця будзе ўважліва сачыць за тым, як мы ставімся да чужых дзяцей - першая ўвага заўсёды свайму дзіцяці. Інакш дзіця пачне прыцягваць увагу спосабам, які нам не спадабаецца.
"Падлеткавыя ранішнікі"
Падлеткам часта здаецца, што гэта непатрэбныя "дзіцячыя" мерапрыемствы, на якія іх зацягваюць сілком. І нават, калі самі атрымліваюць задавальненне, могуць дэманстраваць супраціў. Яны могуць не хацець, каб прысутнічалі бацькі (памятаем, што падлеткавы ўзрост - час аддзялення ад усяго, што нагадвае пра "дзяцінства"). Можна сказаць: "Я ведаю, што ты дарослы, але мне так хочацца на цябе паглядзець. Гэта для мяне заўсёды радасць". Словы "для бацькоў дзіця заўсёды маленькае" забываем назаўжды.
Узровень трывогі, панікі, страху ў падлеткаў вышэй, чым у дзяцей. Пасля ранішніка важна, каб падлетак не чуў у нашых словах іроніі і сарказму. Мы шчыра гаворым пра тое, што нам падабалася, не параўноўваючы. Калі вельмі хочацца нешта крытыкаваць - то 80% падтрымкі і 10-20% канструктыўнай крытыкі завяршаем паходам у кафэ або хатнім чаяванне.
Падрыхтавала Вольга Парада