Смерць з'яўляецца непазбежным фактам нашага жыцця, і калі мы хочам дапамагчы дзецям, нам неабходна пасадзейнічаць, каб яны зразумелі, што размаўляць пра гэтую з'яву - нармальна.
Як і іншыя погляды, уяўленні пра смерць паступова развіваюцца з узростам.
- Да 2 гадоў дзеці не здольныя ўспрымаць смерць, але яны рэагуюць на любое змяненне ў паводзінах блізкіх. Яны ўспрымаюць смерць як сон ці ад'езд, і ім неабходна тысячу раз паўтараць, што іх блізкі ўжо не вернецца;
- У 3 гады дзеці пачынаюць усведамляць, што смерць з'яўляецца пераходам у іншы стан;
- У 5-6 гадоў яны пачынаюць разумець, што ўсе мы смяротныя, але ў іх няма разумення, у выніку чаго адбываецца смерць;
- Ад 5 да 9 гадоў дзеці пачынаюць усведамляць, што ўсе, хто жыве, паміраюць. Але пакуль яны не ўспрымаюць смерць як з'ву, якая датычыць іх асабіста;
- З 10 гадоў дзеці пачынаюць разумець, што смерць незваротная, што ўсе, хто жыве, паміраюць, і што яны таксама калісьці памруць.
Варта памятаць пра тое, што жыццёвы досвед кожнага дзіцяці ў сваім родзе ўнікальны. Некаторыя дзеці задаюць пытанні пра смерць ужо ў 3 гады, іншых і ў дзесяць не ўстрывожыць смерць бабулі, але пры гэтым аплакваюць гібель кацяняці.
Што трэба зрабіць нам, бацькам, у першую чаргу - так гэта самім разабрацца ў сваім стаўленні да тэмы жыцця і смерці.
Неабходна навучыцца адказваць на пытанні дзяцей, не палохаць, а тлумачыць. Мова павінна быць простай і зразумелай. Калі вы не ведаеце, што адказаць, так і скажыце: "у мяне пакуль няма адказу, але я падумаю". Ні ў якім разе нельга ператвараць усё ў нейкае відовішча або, што горш, у выдумку.
Нельга хаваць смерць.
Распавесці дзіцяці пра смерць павінен самы блізкі дарослы, той, каго дзіця добра ведае і каму яно давярае. Пачынаць размову трэба ў той момант, калі дзіця сытае, не стомленае, не ўзбуджанае. Не варта праводзіць размову ў дзіцячым пакоі! Падчас размовы трэба трымаць сябе ў руках, можна заплакаць, але нельга расплакацца і пагрузіцца ва ўласныя пачуцці. Фокус увагі - на дзіцяці.
Пажаданы цялесны кантакт і позірк вочы ў вочы.
Казаць трэба ясна і коратка: "У нас здарылася няшчасце. Бабуля памерла (паўза)". Паўза патрэбна, каб у дзіцяці была магчымасць асэнсаваць пачутае і задаць пытанні, якія ў яго напэўна ўзнікнуць. На пытанні адказвайце максімальна шчыра і толькі тое, што сапраўды думаеце на самой справе, простымі, даступнымі словамі.
Рэакцыя дзіцяці можа быць рознай, часам вельмі нечаканай, прыміце яе такой, якая яна ёсць. Калі заплакала - абніміце, ціха і ласкава суцешце. Калі ўцякло - не бяжыце ўслед. Зайдзіце да яго праз 15-20 хвілін і паглядзіце, што яно робіць. Калі ніяк не рэагуе - сядзьце моўчкі побач. Потым можна расказаць, што адбудзецца заўтра-паслязаўтра. Калі гуляе, далучыцеся да гульні і гуляйце па ягоных правілах. Калі хоча пабыць сам-насам - пакіньце яго аднаго. Калі шалее - узмацніце гэтую актыўнасць. Калі вытхнецца, сядзьце побач і раскажыце пра будучыню. Не бойцеся дзіцячай істэрыкі, хутчэй за ўсё, яе не будзе.
Прыгатуйце яму на вячэру яго любімую ежу (але без асаблівых баляванняў). Правядзіце з дзіцём пабольш часу. Укладваючы спаць, спытайце, ці не хоча яно пакінуць святло? Пасядзіце з ім, пачытайце для яго. Калі ў гэтую або наступную ноч дзіця будзе бачыць страшныя сны, прачынацца і прыбягаць да вас, то ў першую ноч, калі яно папросіць, можна дазволіць яму застацца ў вашай пасцелі. У астатніх выпадках варта адправіць яго назад у свой ложак і сядзець з ім побач, пакуль яно не засне.
Ня пазбягайце размоў пра смерць або пра ягоныя перажыванні, не абмяжоўвайце ў выбары кніг або мультфільмаў, у якіх, на вашую думку, могуць быць сцэны, якія нагадваюць яму пра гора.
Важна ўносіць як мага менш зменаў у яго звыклы лад жыцця. Вакол дзіцяці павінны быць тыя ж людзі, цацкі, кніжкі. Распавядайце яму штовечар аб вашых планах на заўтра, рабіце ўсё, каб дзіця адчувала, што свет стабільны і прадказальны, нават калі ў ім няма блізкага чалавека. Абедайце, вячэрайце і хадзіце на прагулкі ў той жа час, у які дзіця прывыкла рабіць гэта да страты.
Капрызы, раздражненне, агрэсія, апатыя, плаксівасць, узбуджанасць або неўласцівая замкнёнасць, гульні на тэму жыцця і смерці, агрэсіўныя гульні на працягу 2 месяцаў - гэта норма.
Калі характар гульняў, малюнкаў, узаемадзеяння з прадметамі і іншымі дзецьмі не вяртаецца за 8 тыдняў да той нормы, што была да страты, калі па сканчэнні гэтага часу дзіця працягваюць мучыць кашмары, яно мочыць ложак, яно смокча палец, разгойдваецца, седзячы на крэсле або стоячы, круціць валасы або падоўгу бегае на дыбачках - варта звярнуцца да псіхолага.
Ці павінна дзіця прысутнічаць на пахаванні?
Гэтае пытанне вырашаецца індывідуальна. Можна спытаць дзіця (спытаць трэба 2 разы), ці хоча яно паехаць на могілкі. Калі не - няхай застаецца дома. Калі так, то ў такім выпадку падчас пахавання побач з дзіцём павінна быць блізкая асоба, якая будзе захоўваць з ім фізічны кантакт і адказваць на ўсе пытанні.
Калі памёр хатні гадаванец.
Яго можна пахаваць усёй сям'ёй, на магілу пакласці кветкі. Пахаванне - гэта рытуал развітання, які дапамагае нам пабудаваць мяжу паміж жыццём і смерцю. Скажыце дзіцяці, каб яно не саромелася сваіх пачуццяў, што аплакваць, гараваць па памерламу любімаму, няважна, чалавек гэта ці хатні гадаванец - абсалютна нармальна і натуральна, і патрэбны час, каб перажыць страту, калі вострая туга змяняецца светлым смуткам і адбываецца прымірэнне з жыццём, у якой любімай істоты больш няма, але ёсць яе вобраз у памяці і сэрцах тых, хто яе любіў.
Падрыхтавала Вольга Парада