Як дапамагчы дзіцяці адаптавацца пасля летніх канікул
Адаптацыя пасля летніх канікул з'яўляецца заканамерным працэсам і доўжыцца каля месяца. Псіхолагі лічаць, што верасень - крызісны месяц для вучняў. У перыяд адаптацыі дзіцяці неабходна рана ўставаць, доўгі час сядзець на ўроках, выконваць хатнія заданні пасля школы.
Бацькі ў пэўнай меры таксама праходзяць адаптацыю да школы разам са сваім дзіцём. Перыяд адаптацыі праходзіць у кожнага дзіцяці па-рознаму, часта характарызуецца не толькі цяжкасцямі псіхалагічнага характару, але і парушэннямі агульнага стану дзіцяці. Але калі прытрымлівацца пэўных правілаў, то стадыю адаптацыі можна прайсці нашмат лягчэй.
Для гэтага неабходна:
Прытрымлівацца правільнага рэжыму дня. Навукоўцы высветлілі, што здаровы і працяглы сон не толькі ўплывае на нармальнае фізічнае і псіхічнае развіццё дзіцяці, але і лічыцца пэўным падмуркам для прадуктыўнай вучэбнай дзейнасці. Глыбокі і спакойны сон з'яўляецца прыкметай добрай адаптацыі дзіцяці, а неспакойны сон павінен насцярожыць бацькоў. Неспакойны сон, дрэннае самаадчуванне могуць з'яўляцца прыкметай трывогі, вялікага напружання, дыскамфортнага самапачуцця дзіцяці ў школе.
Даць дзіцяці паўнавартасны адпачынак. Актыўны адпачынак (асабліва на свежым паветры) лепш за ўсё дапамагае падрыхтавацца да вучобы. Мудрасць гаворыць: "Добра працуе той, хто добра адпачывае". Бязмэтнае баўленне часу можа толькі яшчэ больш змарыць дзіця. Трэба абмежаваць час прагляду тэлевізара і гульняў за кампутарам. Дзіця павінна гуляць на свежым паветры (малодшым школьнікам рэкамендуецца штодня праводзіць на паветры 3 гадзіны, вучням сярэдняй школы - 2 гадзіны, а старшакласнікам - 1,5 гадзіны). У першы месяц вучобы пасля летніх канікул дзіцяці неабходна адаптавацца да школьнай нагрузкі, таму ў верасні не трэба нагружаць яго дадатковымі заняткамі ў секцыях і гуртках. Час дзіцяці трэба арганізаваць так, каб яно не бегла адразу пасля школы на іншыя заняткі. Дзіця павінна паабедаць, гадзіну-паўтары адпачыць (пажадана на свежым паветры) і толькі пасля гэтага можна прыступіць да хатніх заданняў, якія неабходна выконваць у дзённы час.
Стварыць для дзіцяці сітуацыю поспеху. Старайцеся рабіць акцэнт на моцных асаблівасцях дзіцяці, абавязкова адзначайце нават нязначныя поспехі ў вучобе, сканцэнтруйце сваю ўвагу не на адзнаках, а на ведах, якія яно набыло. Не параўноўвайце сваё дзіця з іншымі дзецьмі, асабліва не стаўце іх у прыклад. Памятайце, што кожнае дзіця непаўторнае і ўнікальнае.
Усталяваць даверлівыя адносіны з дзіцём. Высвятляйце, якія адносіны складваюцца ў вашага дзіцяці з аднакласнікамі і настаўнікамі. Абавязкова абмяркоўвайце яго праблемы і спрабуйце іх вырашыць. Узгадайце сябе ў дзяцінстве, як вы вырашалі падобныя праблемы і якія высновы зрабілі, паказвайце шляхі выхаду з цяжкай сітуацыі і час ад часу разбірайце з дзіцём яго правільныя і памылковыя крокі. Даверлівыя адносіны з дзіцём дапамогуць яму лепш адаптавацца да школьнага жыцця і справіцца з любымі цяжкасцямі.
Апрацавала Вольга Парада