Аб спосабах падтрымання бесканфліктнай дысцыпліны добра напісана ў кнізе Ю. Б. Гіпенрейтэр "Як правільна камунікаваць з дзіцём?" Правілы, абмежаванні, патрабаванні і забароны абавязкова павінны быць у жыцці кожнага дзіцяці, аднак іх не павінна быць зашмат. Правілы павінны быць гнуткімі. Бацькам варта прааналізаваць устаноўленыя імі правілы і падзяліць іх на некалькі груп.
1. Правілы, якія нельга парушаць ні пры якіх абставінах (напрыклад, ніколі не пераходзіць дарогу на чырвонае святло).
2. Правілы, якія можна парушаць у вельмі рэдкіх выпадках (напрыклад, дазволіць дзіцяці легчы спаць на паўгадзіны пазней у сувязі з прыездам таты з камандзіроўкі).
3. Правілы, якія можна парушаць пры пэўных умовах (напрыклад, самому хадзіць у суседні двор нельга, а са старэйшым братам можна).
4. Правілы, якія лёгка паддаюцца карэкцыі, рашэнне адносна іх выканання прымае само дзіця (напрыклад, вы ўсталявалі, што ў тры гадзіны дня дзіця павінна прыступіць да выканання хатняга задання, але калі дзіця хоча пасля школы пайсці пагуляць з сябрамі, яно можа затрымацца і пачаць рабіць урокі пазней, галоўнае, каб усе заданні былі выкананы)
Патрабаванні бацькоў не павінны ўступаць у актыўную супярэчнасць з найважнейшымі патрэбамі дзіцяці. Правілы павінны быць узгоднены паміж усімі членамі сям'і, каб кожны дарослы патрабаваў ад дзіцяці аднаго і таго ж. Патрабаванні і забароны варта паведамляць дзіцяці дружалюбна-тлумачальным, а не загадным тонам. Лепш караць дзіця, пазбаўляючы яго добрага, чым робячы яму дрэннае. Для гэтага папярэдне трэба стварыць зону радасці - сукупнасць рэчаў і мерапрыемстваў, якiя прыносяць дзіцяці задавальненне, напрыклад, штотыднёвыя паходы ў кіно, цырк, заапарк, штодзённае чытанне перад сном, сумесная рыбалка па выхадных і пр. Маючы такі "залаты фонд", вы заўсёды можаце прыгразіць дзіцяці, што ў выпадку непаслушэнства пазбавіце яго адной з крыніц радасці. Гэта напэўна падзейнічае эфектыўна.
Падрыхтавала Вольга Парада