Мы ведаем асноўныя правілы адносін з падлеткамі. Ведаем, як выказваць свае негатыўныя перажыванні так, каб не справакаваць агрэсію з боку дзіцяці, умеем яго слухаць. Адным словам, мы думаем, што гаварыць. І мы здагадваемся, чаго і як нельга казаць падлеткам. Але ці задумваемся мы пра тое, што ад нас хоча пачуць нашае дзіця? Дакладней - ці задумваемся мы пра тое, што неабходна дзіцяці чуць ад сваіх бацькоў? Паспрабуйце ўспомніць сябе ва ўзросце сваіх дзяцей - што б вы хацелі пачуць ад сваіх бацькоў? Што вы былі рады чуць ад іх? Ці ёсць нейкія словы, якія вы так і не пачулі ад іх да гэтага часу? У вас ёсць унікальная магчымасць звярнуцца да сваіх дзяцей зараз, сказаць ім важныя і неабходныя для іх словы.
1. Я люблю цябе. Не думайце, што гэта відавочна. Не думайце, што вашае дзіця і так ведае пра гэта. Не думайце, што збянтэжыце яго. Проста гаварыце гэта часцей.
2. Я ганаруся табой. Пра што вы згадваеце, калі размаўляеце з кім-небудзь пра сваё дзіця? Як вы яго характарызуеце? Здараецца, што бацькі абмяркоўваюць толькі негатыўнае у паводзінах, у характары сваіх дзяцей. Калі вы злавілі сябе на тым, што часцей гаворыце пра дрэннае, паспрабуйце знайсці што-небудзь станоўчае ў дзіцяці: добрае сэрца, творчыя здольнасці, уяўленне, нестандартнае мысленне. Распавядайце пра гэта іншым і самому дзіцяці.
3. Я падтрымліваю цябе. Падлеткі "самі ведаюць, што для іх лепш": гэта тычыцца выбару адзення, сяброў, інтарэсаў, нават будучыні (вучобы, прафесіі). Старайцеся не навязваць сваё меркаванне, сваю пазіцыю. Кажыце дзіцяці пра тое, што яго думкі здаюцца вам важнымі, годнымі таго, каб іх падтрымалі.
4. Я веру ў цябе. У падлеткавым узросце нішто не умацоўвае самаацэнку так, як перажыванне поспеху. Важна, каб блізкія людзі верылі ў тое, што поспех магчымы. Важна, каб вы былі ўпэўненыя ў тым, што вашае дзіця здольнае на многае.
5. Прабач. Часам папрасіць прабачэння вельмі цяжка. Многія дарослыя баяцца прызнаць сваю няправасць, бо гэта знізіць іх аўтарытэт. На самай справе нішто не мае такога значэння ў выхаванні, як прыклад дарослага, гатовага адказваць за свае памылкі, гатовага змяніць пазіцыю "вечна правага".
6. Ты добры чалавек. У падлеткаў вельмі няўстойлівая самаацэнка. Яны шмат сумняваюцца ў сабе, не могуць ацаніць адназначна свае ўчынкі ў адносінах да сяброў і маюць патрэбу, каб Вы былі ўпэўненыя ў тым, што памылкі, правіны бываюць нават у вельмі годных людзей.
7. Ты асаблівы. Часта падлетак адчувае, што ён "не такі", як усе. Вельмі рэдка дзеці ўпіваюцца гэтым адчуваннем - яны не ведаюць, што "асаблівы" азначае "дзівосны". Не трэба заяўляць падлетку "у лоб" - "Ты асаблівы!". Вашае дзіця распавяло анекдот - смейцеся ад душы, скажыце: "У цябе дзівоснае пачуццё гумару!".
Падрыхтавала Вольга Парада