Skip to main content

Якім чынам бацькі могуць дапамагчы дзіцяці ў правільным рэлігійным развіцці?

Пакласці падмурак рэлігійнасці дзяцей - гэта задача бацькоў.

Праз міласць сакраманту шлюбу на бацькоў ускладзена адказнасць і дадзена радасць абвяшчаць Евангелле сваім дзецям. Бацькі павінны ўводзіць сваіх дзяцей з самага ранняга ўзросту ў таямніцы веры, бо яны з'яўляюцца для іх яе "першымі вестунамі". З самага ранняга ўзросту бацькі павінны далучаць дзяцей да жыцця Касцёла. Лад жыцця ў сям'і можа спарадзіць стан душы, які на працягу ўсяго жыцця будзе падтрымкай жывой веры. Выхаванне веры бацькамі павінна пачынацца з самага ранняга дзяцінства ... Задача бацькоў у тым, каб навучыць дзяцей маліцца і дапамагчы ім адкрыць сваё пакліканне дзяцей Божых (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, № 2225 і 2226).

Дзіця ўпершыню ўяўляе сабе Бога на падставе прыкладу і паводзін бацькоў. Калі паміж імі не будзе адзінства і любові, рана ці позна дзіця перажыве крызіс рэлігійнасці, так як першае паняцце пра Бога ў ім скажонае: бо няма Бога, які быў бы неадзінствам і нелюбоўю. Прыклады некаторых выбітных пабожных людзей (напрыклад, святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, Святы Айцец Ян XXIII) пацвярджаюць, што глыбокая, спелая, пабудаваная на веры ў Бога любоў паміж бацькамі дае добры старт для рэлігійнага жыцця дзяцей. Аднак бацькі павінны памятаць, што ўяўленне пра Бога не можа быць адзінай асновай для рэлігійнага жыцця дзіцяці. Бо яму прыйдзецца сустракацца не з выявай, а з самім Богам, які з'яўляецца ў сваім Сыне. Таму задача рэлігійнага выхавання, якое пачынаюць бацькі, складаецца ў тым, каб паказаць дзіцяці Езуса, які любіць нас, які аддае за нас жыццё, гатовы да самаахвяравання, які вызваляе нас ад граху, які абяцае нам вечнае жыццё. Дзіцяці прыйдзецца прайсці працэс развіцця ад першых уяўленняў пра Бога да асабістага кантакту і адзінства з Езусам. Бацькі могуць дзіцяці ў гэтым дапамагчы, калі самі:

- Клапоцяцца пра жывую сувязь з Езусам Хрыстом праз малітвы, удзелу ў сакрамэнтах, жыццё паводле вучэння Евангелля;

- Словам і прыкладам пастаянна паказваюць дзіцяці Хрыста так, каб яны маглі сказаць пра сябе словамі Апостала Паўла: Я сам больш не жыву, але Хрыстос жыве ўва мне. Жыццём сваім я абавязаны веры ў Сына Божага, які палюбіў мяне і прапанаваў Сябе ў ахвяру замест мяне (Гал. 2,20). Ці вы не ў стане распазнаць, што ў вас жыве Езус? (2 Кар. 13,5).

- Імкнуцца жыць паводле вучэння Хрыста і з павагай ставіцца да Марыі, Яго Маці, якая дала Яго свету і ў адзінстве з Ім служыла Таямніцы Адкуплення чалавецтва згодна з воляй Міласэрнага Айца;

Вера дарослага чалавека не можа заставацца на ўзроўні знаёмства з катэхізісам з часоў падрыхтоўкі да Першай Камуніі. Таму неабходна ўдзельнічаць у жыцці парафіі, нельга забываць і аб чытанні Бібліі. Якую ролю ў сям'і адыгрывае малітва?

Чалавек створаны тым Богам, які любіць яго, і па Яго задуме вернецца да Яго, таму нельга не імкнуцца да адзінства з Богам ўжо ў зямным жыцці. Малітва - гэта адносіны з Богам. Малітва - гэта жыццё новага сэрца. Яна павінна пастаянна ажыўляць нас, - вучыць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Менавіта так бацькі-каталікі разумеюць яе сутнасць і перадаюць дзецям свядомасць неабходнасці малітвы.

Хрысціянская сям'я з'яўляецца першым месцам навучання малітве. Заснаваная на сакрамэнце шлюбу, яна з'яўляецца "хатнім Касцёлам", дзе дзеці вучацца маліцца і быць устойлівымі ў малітве. У прыватнасці, для маленькіх дзяцей штодзённая сямейная малітва становіцца першым сведчаннем жывой памяці Касцёла, абуджаемага Духам Святым. Ужо маленькага дзіцяці бацькі вучаць звяртацца да Бога, а па меры свайго развіцця ён знаёміцца з асноўнымі малітвамі. З самага пачатку бацькі вучаць яго размаўляць з Богам праз сумесную, хоць спачатку і кароткую, малітву. Яна павінна сведчыць аб жывой веры бацькоў, і немагчыма абыйсціся без тлумачэння яе сэнсу і сімвалаў, асабліва хроснай азнакі, інакш яна не абудзіць у дзіцяці веры. Тлумачачы, бацькі павінны гаварыць мовай, зразумелай для дзіцяці. Першыя свядомыя просьбы і падзякі, накіраваныя дзіцём да Бога з дапамогай бацькоў, могуць датычыць падзей, якія дзіця разумее і якімі жыве.

Для паглыблення самастойнай малітвы вельмі важна чытаць і разважаць над Святым Пісаннем, задумвацца над таямніцамі Ружанца, весці размовы на рэлігійныя тэмы з сябрамі. Добра, калі ўсе знешнія сімвалы нашай веры (крыж, абраз, статуя, асвечаная вада, крыжык на шыі і г. д.) будуць знаёмыя і блізкія дзіцяці, і яно будзе разумець іх значэнне. Каталікі моляцца ўсёй сям'ёй, і было б выдатна, калі такая традыцыя супольнай малітвы будзе спадарожнічаць сужанцам усё жыццё, пачынаючы з дня вяселля.

Якія абавязкі ляжаць на бацьках у сувязі з рэлігійным выхаваннем дзяцей?

Абавязак рэлігійнага фарміравання сваіх дзяцей словам і прыкладам ляжыць перш за ўсё на і на хросных. Сямейная катэхізацыя - гэта зыходны пункт у рэлігійным фарміраванні дзіцяці. У сувязі з гэтым бацькі абавязаны:

- Клапаціцца аб уласным духоўным развіцці, пастаянна ўдасканальвацца і паглыбляць свае рэлігійныя веды; - Паклапаціцца аб своечасовым хрышчэнні дзіцяці, пасля адпаведнай падрыхтоўкі хросных;

- Далучаць дзіця з ранняга ўзросту да рэлігійнага жыцця. Менавіта бацькі павінны паклапаціцца, каб дзіця ўдзельнічала ў катэхізацыі ўжо ў дашкольным узросце. Яны абавязаны не толькі забяспечыць яму падрыхтоўку да святых сакрамантаў і далейшае вывучанне Закона Божага, але і праверыць вынікі гэтага вывучання, паказваючы ўзаемасувязь атрыманых дзіцём ведаў з Хрыстом;

- Ва ўрачыстасці Першай Святой Камуніі бацькі павінны з асаблівым націскам падкрэсліць яе рэлігійны характар; калі дзіця адорваюць дарагімі падарункамі, гэта адцягвае ягоную ўвагу ад сапраўднага сэнсу сакраманту; адмоўна ўплывае на дзіця таксама залішняя прыгажосць; адзенне падчас Першай Камуніі павінна быць простым. У гэты дзень дарослыя наносяць дзіцяці вялікую крыўду, калі з такой важнай для яго падзеі робяць толькі нагоду для ўжывання спіртнога;

- Пасля Першай Камуніі бацькі павінны дапамагчы дзіцяці весці далейшае жыццё з удзелам у сакрамантах, даючы прыклад рэгулярнай споведзі і няспыннага ўдзелу;

- Калі дзіця - сірата, або калі бацькі не клапоцяцца пра яго рэлігійнае выхаванне, то хросныя бацькі павінны ўзяць на сябе адказнасць за гэта. Такі прывілей і абавязак ляжыць на кожным хросным, таму выбар кандытата на хросных бацькоў павінен быць прадуманы, прычым матэрыяльныя прычыны або роднасныя сувязі не павінны адыгрываць значнай ролі.

Падрыхтавала Вольга Парада

Паводле Karol Meissner OSB, Bolesław Suszka “Nas dwoje i ... (Rozmowy z narzeczonymi i młodymi małżeństwami)”.

Рэдагавана: 20 Кастрычніка 2015