Ян Павел I працытаваў аднойчы пэўнага рымскага пісьменніка: "Вы бачыце, я вельмі тоўсты, а мая жонка яшчэ таўсцей за мяне, і тым не менш, калі паміж намі паразуменне, нам хапае месца на адным ложку, але калі мы сварымся, нам здаецца, што цэлы дом занадта малы".
Гэта вядома, мабыць, амаль усім сужанскім парам. Нават калі не правільна сцвярджаць, што ва ўсіх шчасных сем'ях адбываюцца сваркі і што кожны шлюб павінен перажыць крызіс - інакш ўзнікае падазрэнне, што сужанства не зусім нармальнае, - тым не менш у гэтым нешта ёсць: нават самай вялікай любові даводзіцца змагацца з уласнай гардыняй, марнасцю і жаданнем панаваць. І часам гэтыя спакусы прыводзяць да сварак і крызісу. Свой уклад уносяць таксама асаблівасці характару і знешнія абставіны.
Што рабіць?
Адказ на гэтае пытанне шматпланавы.
Хрысціяне перш за ўсё павінны маліцца і прыносіць свае беды да Бога, свайго галоўнага "сведка шлюбу". Пры гэтым яны павінны нанова ўразумець сабе сэнс шлюбу і яго непарыўнасць.
Адсюль арганічна выцякае ўнутраная гатоўнасць "выгаварыцца" перад Богам на споведзі. Яны перш за ўсё думаюць не пра грахі іншых людзей, а пра свае ўласныя і раскайваюцца ў іх, молячы Бога аб дараванні ім прабачэння. Бо яны ведаюць пра грахі, якія атручваюць любоў і якія не паддаюцца ні радам, ні псіхатэрапіі.
Падрыхтаваўшыся такім чынам, яны павінны зрабіць наступныя крокі, якія прывядуць да мэты. І вось тут ужо можа апынуцца карысным і рада старонняга чалавека або кансультацыя спецыяліста, уключаючы псіхалагічную дапамогу.
Зразумела, хрысціянін будзе імкнуцца пазбягаць думкі, быццам бы існуе толькі простая альтэрнатыва: альбо рашэнне праблемы, альбо развод. У многіх выпадках неабходна прыняць, па меншай меры на некаторы час, крыж не зусім шчаслівага сужанства. Часта менавіта такое цярпенне становіцца тым, што вядзе да святасці.
Павучальны прыклад
Павучальнай можа быць наступная рэальная гісторыя. У сямейным жыцці аднаго чалавека адбыўся крызіс, і віной гэтаму была яго апостальская руплівасць. Гэта здарылася так: перажыўшы зварот да Бога, гэты чалавек вырашыў аддаць усе свае сілы служэнню Валадарству Божаму. Наколькі дазваляла яго службовая дзейнасць, ён ператварыў сваё рашэнне ў жыццё. Ён узяў на сябе шматлікія абавязкі і таму рэдка бываў дома. Хаця яго і засмучала, што жонка не праяўляе да яго заняткаў асаблівай цікавасці, аднак гэта не здавалася дзіўным, паколькі яна была пратэстанткай і ёй, як ён меркаваў, не было дадзена такой жа ласкі. Некаторы час усё ішло добра (прынамсі, ён так думаў), але ў рэчаіснасці ён усё больш і больш аддаляўся ад жонкі, і ў іх сямейным жыцці наступіў небяспечны крызіс.
У гэты час ён сустрэў аднаго святара, які аказаў на яго вялікае ўражанне. Ён вырашыў даверыцца духоўнаму кіраўніцтву гэтага чалавека. На пытанне святара аб тым, ці гатовы ён у рамках іх адносін таксама да паслушэнства, ён з гатоўнасцю згадзіўся. Але ўжо ад першага духоўнага навучання ў яго падступіў камяк да горла, бо новы духоўны настаўнік у першую чаргу сказаў: "Не рабіце нічога без згоды вашай жонкі!".
Мужчыну як абухом па галаве ўдарыла: ён хацеў працаваць для Бога і Яго Касцёла, а цяпер яму перашкаджае ў гэтым менавіта царкоўны чалавек! Ён чакаў заахвочвання, а не процідзеяння! Але ён абяцаў падпарадкоўвацца і таму адказаў: "Добра, я буду паступаць так".
Такім чынам, перад тым, як пайсці на наступную дзелавую сустрэчу, ён спытаў жонку, ці згодна яна (прагучала гэта крыху падаўлена, таму што ён ужо меркаваў, якім будзе адказ). І, сапраўды, жонка коратка і ясна сказала "не".
Гэта "не" паўтаралася некалькі разоў да таго дня, калі жонка задала яму сустрэчнае пытанне: "А, уласна кажучы, што ты там робіш?" Завязалася размова пра сэнс яго дзейнасці. Ішоў час, жонка часам адказвала "не", але ўсё часцей - "так", і паступова імкненні мужа сталі іх агульнымі імкненнямі. Непрыкметна сямейны крызіс шчасна вырашыўся.
Цяпер яны - шчаслівая сужанская пара. Але што было б, калі б гэтая праблема не знайшла свайго рашэння? Магчыма, многія паціснуць плячыма і скажуць: "Яны проста не падыходзілі адзін аднаму!". Аднак на самой справе яны раней не імкнуліся як сапраўдныя сужанцы падзяліць не толькі ложак, але і сэнс жыцця, не імкнуліся як сужанцы прыслухоўвацца да закліку Бога, як сужанцы сумесна рабіць тое, у чым ўзнікае неабходнасць. Як толькі яны зноў пачалі жыць як сапраўдныя сужанцы, іх сямейнае жыццё быо выратавана.
Кожная сям'я і кожны сямейны крызіс індывідуальныя, але тым не менш, сутнасць шлюбу, а таксама тыповыя элементы крызісу нязменныя. Гэта ж тычыцца і вырашэння крызісу: малітва, споведзь, гутарка, кансультацыі, змяненне знешніх абставінаў жыцця ...
З кнігі "Любоў у сучасным жыцці". Андрэас Лаўн
Падрыхтавала Вольга Парада