Зносіны ў сям'і. Аднавіце свае ролі
Размовы, пастаянныя кантакты жыццёва важныя ў адносінах паміж двума людзьмі. І яны яшчэ больш неабходныя для будовы дабрабыту сям'і, якую Папа Ян Павел II называе "суполкай людзей". У мяне ёсць некалькі прапаноў наконт таго, як паглыбіць і ўмацаваць зносіны ў сям'і, якая мае патрэбу ў інтымнасці для таго, каб сям'я стала школай любові.
1. Члены сям'і павінны прыслухоўвацца адзін да аднаго, нават калі такое прыслухоўванне становіцца стомным. Калі б мы выслухоўвалі дзяцей, яны слухалі б нас, бо мы ўласным прыкладам вучым іх, як жыць.
2. Сям'я павінна разам збірацца на трапезу. Наколькі ж больш узрастала б сувязь паміж членамі сям'і і вера на зямлі, калі б усе проста сядзелі вакол стала разам, еўшы ежу і, вядома, узносячы хвалу Богу.
3. Сумесны адпачынак, хоць бы на некалькі дзён. Усе члены сям'і павінны пазнаць адзін аднаго. Адпачынак не дадасць грошай у ваш бюджэт, наадварот, растраціць іх. Адпачынак таксама не будзе спрыяць аплаце за навучанне вашых дзяцей, але ён пакіне вам ўспаміны. У рэшце рэшт, пазней, калі вы адны будзеце сядзець доўгімі вечарамі, што сагрэе вам сэрца і ажывіць вам дух - дыплом або фатаграфіі, знятыя падчас прыемнай паездкі на прыроду?
4. Члены сям'і павінны маліцца часта і разам. Сям'я не можа дасягнуць поспеху, калі не будзе ўмацоўвацца ў Езусе. Зрабіце сямейны Ружанец важнай часткай вашага сямейнага жыцця. Сям'я павінна разам збірацца на св. Імшу.
5. Члены сям'і, аднавіце свае ролі! У шлюбе існуе парадак, і гэты парадак вельмі важны. Святы Павел у сваім пасланні да Галатаў кажа, што муж павінен любіць сваю жонку, як Хрыстос любіць Касцёл. Дзеці павінны аказваць паслухмянасць бацькам. Маці павінна памятаць пра ролю Панны Марыі ў жыцці Святой Сям'і, а бацька - пра словы св. Іаана Златавуста, а менавіта параўноўваць ролю бацькі з роляй біскупа, які "павінен адказваць перад Богам за ўсіх сваіх дамачадцаў".
І нарэшце, сям'я павінна "абнавіць кроў". Кроў, якая бяжыць па венах і артэрыях сям'і, кроў, якая прымушае біцца здаровае сэрца сям'і і падтрымлівае ўсе нашы жыццёвыя сістэмы ў працоўным стане, - гэта жыццё Езуса Хрыста. Гэтым "пераліваннем крыві" з'яўляецца прысвячэнне сям'і Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Такое "пераліванне крыві" зробіць Езуса Хрыста адзіным Гаспадаром вашай сям'і, Боскім Кіраўніком яе лёсу. Ён стане вашым Царом, вашым Лекарам, вашым Дарадцам, вашым Сябрам.
Франклін М. Макафі
Падрыхтавала Вольга Парада