Ранняе дзяцінства (1-3)
Ранняе дзяцінства - гэта перыяд, калі ўзводзяцца асновы веры. Бацькі з ранніх гадоў павінны дзяліцца з дзецьмі Божымі ісцінамі, бо дзеці не палюбяць Бога, пакуль нічога аб Ім не даведаюцца.
У другое паўгоддзе свайго жыцця дзіця здольнае вывучыць самыя простыя рэлігійныя жэсты. У канцы гэтага перыяду жыцця дзіця вельмі добра асацыюе пэўныя словы з жэстамі, напрыклад, складае рукі, калі чуе словы "Езус", "Амэн". З першага года свайго жыцця яно пачынае пераймаць паводзіны сваіх бацькоў.
Бацькі павінны дабраслаўляць дзяцей або рабіць знак крыжа, бо для дзіцяці гэта мае вялікае значэнне, гэта дае яму пачуццё бяспекі, упэўненасці ў сабе.
У перыяд ад 1 да 3 гадоў дзіця здольнае паўтараць некаторыя малітвы. Гэта з’яўляецца рэлігійнасцю "услед за маці". Мова, якой мы гаворым пра Бога, павінна быць простай, але не інфантыльнай.
Нельга прымушаць дзіця маліцца, неабходна пазбягаць працяглых малітваў. Дзяцей можна браць на св. Імшу, але калі яны паводзяць сябе няправільна, то неабходна рэагаваць спакойна. Дзіця павінна ўбачыць, што яно перашкаджае ў важнай падзеі.
Нельга:
- Палохаць дзіця Богам;
- Выклікаць пачуццё віны, кажучы «Езус крыўдзіцца на цябе».
Бо Ваш сын ці дачка не пакахае таго, каго баіцца.
Такім чынам, дзіця пераймае ў бацькоў мадэлі паводзін.
Дашкольны ўзрост (3 - 6-7)
Усё, што Вы гаворыце дзіцяці пра Бога, павінна быць сфармулявана так, каб потым не трэба было нічога аспрэчваць і змяняць, а толькі паглыбляць. Калі дзіця пытаецца: "Хто такі Бог?", то можна адказаць, напрыклад, так: "Бог - гэта Творца свету, таму ўсё на зямлі зыходзіць ад Яго". Мысленне пра Бога носіць пачуццёва-уяўленчы характар.
Вялікае ўздзеянне на ўяўленне дзяцей аказвае іканаграфія, біблейскія апавяданні як са Старога, так і з Новага Запавету (Біблія з малюнкамі).
У раннім дзяцінстве важным выхаваўчым сродкам з'яўляецца малітва. Малітва павінна быць простай і кароткай. Навучаючы дзіця, як рабіць знак крыжа трэба тлумачыць, што гэта ўсхваленне Госпада Бога. Каштоўнымі з'яўляюцца вывучаныя на памяць кароткія малітвы: "Анёле Божы, дружа мой ...", "Хвала Айцу, і Сыну, і Святому Духу ...".
Ніколі не трэба прымушаць дзіця маліцца.
Малодшы школьны ўзрост (6-7 - 11-12)
Гэта найлепшы ўзрост для катэхізацыі (выхаванні у веры). Вучні ў словах настаўніка рэлігіі павінны распазнаваць Словы Божыя, якія ён стараецца растлумачыць. Біблія займае цэнтральнае месца (Новы Запавет) у навучанні.
Характэрнай рысай дзяцей малодшага школьнага ўзросту з'яўляецца арыентацыя на матэрыяльныя і жыццёвыя каштоўнасці. Напрыклад, калі трэба ўмацаваць кантакт дзіцяці з Хрыстом, значыць, трэба больш расказваць яму пар асобу Збавіцеля, якая будзе захапляць Яго. Таму, распавядаючы пра асобу Езуса, мы ўказваем не на прыклад спачування да грэшніка, а на вялікадушнасць і дабрыню Хрыста.
Бацькі, размаўляючы з дзецьмі на тэму веры, дапамагаюць перанесці ім змест заняткаў па рэлігіі на паўсядзённую практыку. Недастаткова адной веры без учынкаў.
У гэтым узросце дзіця лёгка і хутка засвойвае веды, таму трэба паклапаціцца, каб яно ведала на памяць і разумела кароткі катэхізіс і асноўныя малітвы.
Каля дзевяцігадовага ўзросту ў дзіцяці знікае наіўны вобраз Бога і з'яўляецца разуменне Яго як Духа.
Ад маці дзіця пераносіць на вобраз Бога такія рысы, як цярплівасць, добразычлівасць, што дазваляе яму зразумець Божую міласэрнасць. Вобраз Бога, як Творцы, Лекара або Міласэрнага Айца больш блізкі да вобразу ўласнай маці. Разуменне Бога, як Цара, Суддзі, Настаўніка з'яўляецца перанясеннем рысаў бацькі. У далейшым рэлігійным развіцці чалавек адыходзіць ад таго, што бачыў у сваіх бацькоў.
У малодшым школьным узросце трэба падрыхтаваць дзіця да Першай Споведзі і Святой Камуніі.
Падлеткавы ўзрост (11-12 - 14-15)
Развіццё рэлігійнасці ў падлеткавым узросце вядзе да сталасці веры і малітвы, бо ў гэты час з'яўляюцца абстрактнае мысленне і дэдуктыўнае разважанне. Развіццё пачуццяў і палавое паспяванне выклікаюць розныя праблемы і пачуццё згубленасці. Складаецца ўласны светапогляд. Гэта час здзяйснення асабістага выбару. Падлеткі крытычна ацэньваюць рэлігійнасць дарослых, каб усталяваць асабістую сувязь з Хрыстом. Падлеткі па сваёй прыродзе настроены на духоўнае развіццё.
Вера - гэта асабістае рашэнне, таму падлеткі павінны самі разважаць над праўдамі веры і пераканацца ў іх правільнасці. У падлеткаў узнікаюць наступныя пытанні: "У чым сэнс чалавечага жыцця?", "Ці мае жыццё каштоўнасць?" і г.д.
Ва ўзросце 14-15 гадоў у падлеткаў адбываецца персаніфікацыя ідэі Бога. Бог становіцца крыніцай маральных і жыццёвых выбараў.
Гэта той ўзрост, калі развіваецца здольнасць да самастойнай малітвы.
Правільнае псіхічнае і рэлігійнае развіццё падлетка ў гэтым узросце павінна прывесці да прыняцця сакраманту канфірмацыі. Гэта ўжо сфарміраваная аўтаномная рэлігійнасць, якая вядзе да сталай веры. Сталасць падлеткаў падтрымліваюць дарослыя ўласным прыкладам і жыццёвым сведчаннем.
Дзеці павінны набыць пачуццё справядлівасці і любові, бескарысліва служачы іншым і атачаючы асаблівым клопатам тых, хто ў патрэбе.
У сям'і і на ўроках рэлігіі варта звяртаць увагу на этычныя наступствы асабістых выбараў і перакананняў падлетка, а таксама на жыццёвыя сведчанні выхавальнікаў.
Старэйшы школьны ўзрост (14-15 - 18-19)
У гэтым узросце падлетак сам павінен дасягнуць духоўнай самастойнасці. Бацькі, святар, настаўнік рэлігіі могуць накіроўваць і заклікаць адкрыцца на прыгажосць вучэння Хрыста і рэалізацыю ідэалаў Евангелля.
У гэтым узросце ўзмацняюцца пазнавальныя патрэбы і філасофскія інтарэсы, фарміруецца ўласны светапогляд, можа наступіць крызіс самавызначэння, разумення сваёй ролі ў навакольным свеце. Падлетак пачынае ўспрымаць праўды веры, як штосьці, што супярэчаць розуму і навуцы. Каб вырашыць гэтыя цяжкасці, варта паказаць маладым людзям, што іх мысленне не супярэчыць веры і рэлігіі, а знаходзіць у іх дадатак. Навука адказвае на пытанне "як?", а рэлігія - "чаму?". Неабходна дапамагчы маладому чалавеку прыняць праўду, што Бог, як усемагутны Творца свету, з'яўляецца таксама найлепшым Айцом, які любіць Сваіх дзяцей.
Адчуванне Бога: дзяўчатамі - Бог сэрца, юнакамі – Бог Творца.
Прысутнічае на жаль, нясталае разуменне маладым чалавекам прысутнасці Бога ў жыцці (узнікненне сумневаў падчас хваробы, смерці блізкага чалавека).
Старэйшы школьны ўзрост - час парадоксаў рэлігійнага жыцця. Малады чалавек, з аднаго боку, часта звяртаецца да Бога, з другога боку - зніжае сваю рэлігійную практыку.
Бацькі і выхавацелі сумесна з моладдзю ўсталёўваюць правілы і абавязкі, важна ўмець слухаць маладых людзей, не навязваць ім сваіх поглядаў, а тлумачыць, умацоўваць іх самаацэнку. У перыяд 15-19 гадоў маладыя людзі павінны самі браць на сябе адказнасць за сваё развіццё і самавыхаванне. Акрамя сям'і, вялікую ролю іграе ў гэтым працэсе парафія (прагляд духоўных фільмаў, музыкі, іх абмеркаванне; дыскусіі з цікавымі людзьмі; малітоўныя сустрэчы моладзі).
Паводле К. Енджэйчака "Хрысціянскае выхаванне. Асновы каталіцкай педагогікі"
Падрыхтавала Вольга Парада