Skip to main content

Дзеці - наша адлюстраванне

Як часта бацькі звяртаюцца са скаргамі: дзіця крадзе, хлусіць, маніпулюе і г.д. – "Што рабіць? Дапамажыце".

А шмат якім рэчам дзіця вучыцца ў сваёй сям'і. Слухаеш гісторыю пра тое, як хлопчык умела маніпулюе бацькамі, выпрошваючы чарговае вынаходніцтва XXI ст., калі мама ўмела валодае прыёмамі "вымагальніцтва" ў сям'і, закочваючы істэрыку мужу, каб ён купіў новыя завушніцы. Або ўзяць маму, якая скардзіцца на тое, што дачка прыносіць дадому чужыя рэчы, якія нібыта знаходзіць, калі мама сама не раз прыносіць з прадпрыемства канцтавары, якіх і так хапае на працы, бо няма чаго дабру прападаць.

Сын-падлетак пастаянна хлусіць сваім бацькам, вядома, можна ўсё спісаць на складаны ўзрост, але ж тата сам просіць сына схлусіць, што яго няма дома, калі дадому тэлефануе начальнік. Выпадкаў і прыкладаў з жыцця можна шмат прывесці. Я заўсёды люблю казаць бацькам, што дзеці з'яўляюцца іх адлюстраваннем. Таму што дзіця ўжо з дзяцінства капіруе паводзіны сваіх бацькоў. Калі бацькі ўшаноўваюць сямейныя традыцыі дома, клапатліва і ўважліва ставяцца да сваіх бацькоў, то і ўнукі вырастуць такімі клапатлівымі, уважлівымі, якія будуць выконваць сямейныя традыцыі. Таму што іх гэтаму навучылі сваім прыкладам ўласныя бацькі.

Бацькі, як арыенціры, якія вядуць дзяцей па сцежках жыцця, навучаючы іх любіць, прымаць, дапамагаць, дараваць. Дзіця адчувае ўсё, нават тады, калі бацькам здаецца, што яны старанна хаваюць свае паводзіны пад маскай дабрадзейнасці. Дзеці мадэлююць бацькоўскія паводзіны, таму не варта здзіўляцца, адкуль усё бярэцца.

Ёсць такая ангельская прыказка: "Не выхоўвайце дзяцей, усё роўна яны будуць падобныя да вас". З гэтага вынікае, што бацькам неабходна займацца самавыхаваннем, каб вырасціць годна сваіх дзяцей. Бо толькі пачаўшы з сябе, мы можам змяніць навакольны свет. Мы можам навучыцца заўважаць свае памылкі, казаць праўду людзям, прасіць прабачэння, больш любіць, і ў рэшце рэшт, проста мяняцца ў лепшы бок.

Падрыхтавала Вольга Парада

Рэдагавана: 03 Сакавіка 2015