Гэта быў незвычайны дзень для ўсіх, хто знаходзіўся ў гэтай сталоўцы. Яны ўсе працуюць у Ватыкане, але яны не перасякаюцца. Дый навошта Пантыфіку сустракацца з ватыканскімі супрацоўнікамі, калі ўсе ўсім задаволеныя? Мне падаецца, што гэты візіт не быў загадзя спланаваны, а нават і канкрэтнай мэты не меў. Але ён цудоўны.
Папа здольны на ўчынкі нечаканыя, спантанныя, а можа нават немудрагелістыя, бо што тут мудрагелістага, каб паесці разам з працаўнікамі, калі для цябе існуе асобная кухня? Гэты ўчынак поўны любові. А калі не з-за любові, тады па якой другой прычыне ён так мог зрабіць? Францішак зрабіў гэты акт любові сціпла, не прыцягваючы ўвагі, проста прыйшоў і паеў - і гэта цудоўна.
Вось такія акты і напаўняюць нашае жыцце самымі прыемнымі момантамі. Не мая праца, не вучоба, не дапамога каталіцкаму парталу grodnensis (хоць часам і напаўняюць). Асноўны смак майму жыццю даюць хвіліны спантаннай дабрыні, калі, доўга не думаючы, дапамагаеш, суцяшаеш, весяліш.
Апошні раз хвалю спантаннай дабрыні я адчуў на мінулым тыдні. Я вяртаўся з хімчысткі з торбай на кольцах, забітай падушкамі і покрывамі, вага якой хоць і не была велізарнай, але яе памеры стваралі вялікія цяжкасці пры маім перамяшчэнні. І вось, пераадолеўшы чвэрць майго шляху дамоў, тры разы падняўшы сумку, якая імкнулася ўпасці на бок, я прыходжу на прыпынак грамадскага транспарту, маючы вялікае прагненне: палегчыць свой шлях дадому. Праз хвіліну спыняецца нейкая незнаёмая машына і па выразе твару дзяўчыны, якая сядзіць на месцы кіроўцы, я разумею, што гэта спыніліся для мяне. Яна проста спынілася дапамагчы.
Я памятаў яе імя, але асабіста мы не былі знаёмыя. Перасякаліся ў касцёле, ёсць агульныя знаёмыя, але ў жывую я з ёй нават не размаўляў. А яна спынілася, каб толькі дапамагчы.
Другая частка дня прайшла ў нейкай асаблівай радасці ад гэтага здарэння. Гэтая падзея засталася ў маім сэрцы. Спантанныя акты любові – гэта тое, што кранае сэрцы іншых; тое, што можа змяніць свет.
Вова Крупенка