Амаль што месяц таму адбылася кананізацыя двух вялікіх пап - Яна XXIII і Яна Паўла ІІ. На гэтую вялікую для Паўсюднага Касцёла ўрачыстасць, з'ездзіла вялікая колькасць пілігрымаў з Берарусі, сярод якіх быў і наш блогер, спадар Уладзімір Крупенка. Карыстаючыся нагодай, ён усё ж такі вырашыў падзяліцца сваімі ўражаннямі.
Усё пачалося звычайна, як у католікаў. У 18.00 перажылі св. Імшу, людзей было неяк за шмат, больш за пяцьдзесят, бо акрамя пасажыраў былі таксама і родныя, сябры. Потым, пасля кароткіх развітанняў і спакоўвання рэчаў, мы пачалі свой шлях у напрамку Рыма. Мінула ўжо больш за тры тыдні пасля нашага падарожжа на кананізацыю двух папаў, але не маю права затаіць ўсё перажытае. Таму сёння пра гэтую пілігрымку.
На шляху туды, а гэта прыкладна дзве тысячы кіламетраў, мы амаль што нікуды не заязджалі, акрамя заправак (на адной з якіх мы паспелі папазіраваць перад аб’ектывамі карэйцаў, для якіх нашы рухомыя гульні былі, чамусьці, вельмі цікавыя) і начлегу, які быў за трыста кіламетраў перад “вечным горадам”. Склад аўтобуса быў вельмі цікавы. Айцец, які збіраў гэтую групу, здаецца паставіў сабе мэту сабраць у адным аўтобусе прадстаўнікоў усіх душпастырстваў і малітоўных групаў парафіі і гэта ў яго атрымалася: ў адным месцы былі зусім розныя, але цікавыя людзі ад 15 да 70 гадоў.
Прыбыўшы ў Рым, спачатку мы дзівіліся мясцовым метро, потым будынкамі. Калі ты першы раз у гэтым горадзе – хочацца захапляліся ўсім, што бачыш. Калізей, Форум, базіліка Св. Яна ў Латэране, Пантэон, Гішпанская лесвіца. Я адчуў вялікую розніцу паміж Рымам з тэлебачання і тым горадам, які мы бачылі на свае вочы. Магчыма справа ў смецці, якое было паўсюль ці можа ў тым, што трапілі мы туды ў гадзіну пік, але адчуць гістарычны дух горада не атрымалася. Рым у тыя дні больш нагадваў вакзал.
Каля 22-й мы спынілі агляд Вечнага горада і вырашылі адправіцца ў бок Ватыкана, каб заняць чаргу і апынуцца бліжэй да алтара падчас кананізацыі. Уявіце сабе што будзе, калі 700 тысяч чалавек паспрабуюць трапіць на плошчу якая змяшчае ўсяго 60 тысяч. Казаць што мне было цяжка не збіраюся, бо там я быў адзін з самых малодшых, але адсутнасць магчымасці сесці, схадзіць у туалет і дзённая стома рабілі з нас пакутуючых пілігрымаў. На гэтай плошчы мы правялі амаль што 12 гадзін і адтуль засталося найбольш уражанняў. Узаемная дапамога, працэс арганізацыі вольнага месца, каб хоць хто-небудзь мог сесці, размовы з польскімі пілігрымамі, бездапаможнасць перад звычайнай санлівасцю і лаянка з чарнаскурай францужанкай, якая самым няветлівым чынам заняла месца сярод нашай групы – гэта тая атмасфера спалучаная з малітвай, якая трывала ўсю ноч.
А сам момант кананізацыі я дакладна не памятаю. Ён адбыўся хутка перад Літургіяй, асноўную частку якой я быў у дрымоце.
Па дарозе дадому нам пашчасціла трапіць у цёплы і ўтульны домік Маці Божай у Ларэта, санктуарыі ў Альтоцінг у Нямеччыне і Ліхэнь у Польшчы. Я не прывёз дадому ніякага італьянскага віна, пармезану, мацарэлы, алівак, марцыпану. У нас не было часу на крамы. Часам было нават крыўдна, але гэта была ахвяра, якую Бог прыняў на Сваю Хвалу. Яшчэ было практыкаванне паслухмянасці, бо кіраўнік сапраўды ведае як лепш, ўрокі цярпення, дзякую за гэта сябру Віталію, і шмат малітвы, якая гучала вельмі перыядычна.
Зараз здаецца, што гэта падарожжа, у якое я трапіў, было сапраўднай пілігрымкай. Пілігрымкай прыемных нечаканасцей, ахвяраў і сяброўскай падтрымкі, пілігрымкай падчас тыдня Божай Міласэрнасці.
Уладзімір Крупенка