Калі прыходзіць крызіс, цяжка трымацца праўдаў, у якіх не ўпэўнены. Адна з такіх праўд – я павінен шмат маліцца. Так у мяне закладзена: больш малітвы – ўсё добра, менш - праблем не пазбудзешся. Езус таксама кажа: “заўсёды маліцеся”. Ён не тлумачыць, чаму трэба маліцца. І я, сапраўды, цалкам не разумею, як павінна выглядаць мая малітва.
“Малітва – гэта твая размова з Богам”, – гэта акрэсленне найбольш распаўсюджанае. Але Папа кажа: “Малітва – гэта барацьба з Богам”. Мне спачатку зрабілася неяк нязручна ад гэтай думкі, але гледзячы ў Святое Пісанне я бачу, што мой стэрэатып аб малітве ўжо не вытрымоўвае крытыкі.
“Пан жадаў пакараць свой народ за тое, што той зрабіў сабе ідала, але Майсей усімі сіламі імкнуўся пераканаць Яго не рабіць гэтага.” І не зрабіў тады Бог пакарання. Майсей пераканаў Бога не рабіць зла народу.
Паводле Святога Айца, у дадзенай сітуацыі змяніўся не Бог, а Майсей. Прадстаўляючы Пану розныя аргументы, нагадваючы колькі дабра Бог зрабіў свайму народу, ён сам пераканаўся, наколькі Стварыцель багаты міласэрнасцю. У гэтым плён малітвы – яна змяняе сэрца.
Таму кожная справа, якая патрабуе малітвы, гэта не пакаранне, але прапанова ўзварухнуцца. Здаецца, што маё сэрца, гэта непрыступная крэпасць, якая не паддаецца аблогам і боем яго не ўзяць. Яно моцнае, аднак трымаецца толькі да таго часу, пакуль самі жыхары не вырашаць паддацца. І, як заўсёды, адныя жыхары кажуць, што Бог добры і міласэрны, а другія, што лепш мы як-небудзь самі. Ёсць і такія жыхары, якія дакладна ведаюць гэтага Бога і кажуць нам рабіць што-небудзь, вырашаць, ісці наперад.
Ужо тры дні я ў роздумах пра гэтую барацьбу, якую Пан хоча, каб мы з ім вялі, і не разумею навошта. Падаецца, што барацьба гэта лек ад хваробы “Бог далёкі, Ён мяне не чуе”, бо не магчыма змагацца з кімсці, хто далёкі. Трэба да суперніка падыйсці, узяць яго за край адзення, паглядзець яму ў вочы. І калі мы спрачаемся і вымушаем Бога, тады і Ён робіцца зусім блізкім.
Жадаю ўсім і сабе мужнасці падчас спрэчак з Богам. Бо яны набліжаюць нас да Пана.
Уладзімір Крупенка