21-22 лютага, у Баранавічах адбыўся навукова-практычны семінар “Аздараўленне: экзарцызм ці псіхатэрапія?”. Мне спадабалася і я не пашкадаваў, што паехаў туды. Аднак, каб было ўсё ідэальна, тады і распавядаць было б не цікава.
Дзень распачаўся цудоўна. Нягледзячы на тое, што ехаў я начным цягніком і ў Баранавічах апынуўся ўжо каля 5 гадзіны раніцы, асаблівай стомленасці не адчувалася. Снеданне, якое папярэдне не было запланавана, прыемна ўсцешыла і падбадзёрыла. Таксама добрага настрою дадалі людзі, якіх я сустрэў у капліцы яшчэ за паўтары гадзіны да пачатку семінара.
Цяжка сказаць, чаго дакладна шукалі людзі, якія вырашылі прыехаць на гэты семінар. Не было тут спецыяльных малітваў аздараўлення, якія б чытаў якісьці адмыслова запрошаны чалавек, не планавалася выгнанне злых духаў, цудаў і спецэфектаў, нічога такога, што магло б спалохаць ці здівіць. З цудоўнага была толькі Святая Імша.
Навукова-практычны семінар можна было падзяліць на некалькі частак: псіхалогія, сведчанні, дзяленне досведам кс. Чэслава Паўлюкевіча. Калі хто-небудзь дазволіў бы мне паставіць адзнакі кожнаму з выступоўцаў, то пачынаючы ад першага, кожны наступны атрымоўваў бы бал меншы за папярэдняга. Можа справа ў тым, што мне вельмі спадабалася лекцыя першай выступоўцы – с. Паўлы Бобер: сцісла, дакладна, простымі словамі, жыва і практычна. А магчыма проста вельмі моцна прагучала сведчанне сям’і Каралевіч: яно адначасова абудзіла ў маім сэрцы і смутак, і радасць. Пра такія падзеі кажуць: “Не было б шчасця, ды няшчасце паўплывала”. Але калі казаць пра частку якую вёў кс. Чэслаў, то распавядалася там пра шмат цікавых рэчаў, некалькі добрых парад і гісторый, але большасць з іх я ўжо чуў. Таксама на долю святара з Росі выпала пераважная колькасць пытанняў, якія можна было апісаць падчас семінара.
Не магу не ўзгадаць пра тую законніцу, якая сядзела з левага боку, у асяроддзі знаёмай мне моладзі. Ведаеце, як бывае на лекцыях, занятках ці семінарах: часам цікава, а часам і не. У тыя моманты, калі слухаць было ўжо цяжка і ад сур'ёзных твараў тваіх суразмоўцаў рабілася кепска, мы маглі пачуць ад яе нейкі жарт, ці проста штосьці цікавае, і дзякуючы гэтаму падбадзёрыцца і слухаць далей. Так гэта выглядала з майго боку. Але з боку жанчын з пярэдняга шэрагу зусім надварот. Памятаю гэтыя “добрыя” позіркі ў наш бок: сястра жартуе, мы рагочам, а палова касцёла ўжо ізноў глядзіць на нас.
Вярнуся да пытанняў, якія можна было скіраваць непасрэдна да кагосьці з дакладчыкаў. Іх можа і было шмат, але такая частка была патрэбна, яна робіць гэтыя семінары больш для людзей, для тых, хто сапраўды шукае адказа.
Канешне, не абыйшлося без прапановаў што-небудзь набыць. Аднак адсутнасць вялікіх прылаўкаў з пабожнай літаратурай і рэлігійнай атрыбутыкай ўсё ж неяк станоўча паўплывала на дух нашай сустрэчы. Абразок Маці Божай Берасцейскай ад біскупа Казіміра застанецца памяццю і нагадваннем аб малітве за нашых пастыраў і святароў.
Акрамя пытанняў, шмат было і адказаў, але я так і не зразумеў, што мне трэба рабіць, калі я зноў апынуся ў шпіталі. У месцы, у якім ніхто не хацеў бы апынуцца, але ў якім адбываецца большасць з усіх цудаў.
Уладзімір Крупенка