Заўсёды прыемна слухаць, калі распавядаюць пра першую сустрэчу с жывым Богам. Так часта пачынаюцца знаёмствы з людзьмі, якіх сустракаеш на рэкаллекцыях ці іншых рэлігійных мерапрыемствах. І такое сведчанне вельмі станоўча ўплывае на духоўнае жыццё.
Але ніхто ніколі не распавядае про тое, як ён страціў веру.
Гэта сумная размова і не вельмі прыемная тэма, але такое жыццё.
Папа лічыць: “Вернік можа страціць веру з-за жарсцяў і ганарыстасці”. І я з ім згодны. Але не адразу зразумеў, што такое “жарсць”. Вы чулі пра 7 смяротных грахоў? Вось іх і называюць жарсцямі (грахоўная прыхільнасць і навык чалавека, які прыцягвае яго да парушэння запаведзяў Божых). Гэта штосьці, што жыве ў нас, тая сапсутасць, якую маем ад Адама і якую самі перамагчы не здольны.
Пантыфік узяў за такі негатыўны прыклад Саламона, легендарнага правіцеля аб'яднанага Ізраільскага царства: “Ён быў чалавекам мудрым, які атрымаў ад Бога шмат благаслаўленняў, але калі састарэў, “жонкі ягоныя схілілі сэрца яго да чужых багоў”. Па-троху, па-троху і схілілі. Як вынік: “…Ён з грэшніка пераўтварыўся ў сапсаванага”. Гэты працэс цягнуўся, на маю думку, не адзін год. І тая вялікая мудрасць, пра якую мы ўсе чулі, не дапамагла яму застацца верным, бо калі ты ўваходзіш на шлях сяброўства с жарсцямі, ты ўжо прайграў, гэта ліха з'есць цябе.
Знайшоў цікавую кваліфікацыю, якая тлумацыць, як выглядае шлях ад звычайнага абжорства да гардыні. Зазірніце сюды. Але дзякуючы сведчанням іншых людзей, ведаю, што ёсць і добры шлях. Калі Езус бачыць пакору язычнікаў, Ён не вытрымлівае і прыходзіць.
“Францішак заклікаў браць прыклад з евангельскай язычніцы – дазволіць, каб у сэрцы прарасло Божае слова, якое прывядзе да збаўлення і захавае ад сапсаванасці і ідалапаклонства.”
P.S. Сапраўды не ведаю, як дазволіць, каб у сэрцы прарасло Божае слова… Магу параіць шлях цярплівасці і пакоры. Але не больш. Бо ў розных людзей бывае гэта па-рознаму. І з гэтага звычайна і пачынаюцца самыя незвычайныя сведчанні.
Уладзімір Крупенка