Пра чатыры мадэлі вернікаў распавядаў папа Францішак 14 студзеня 2014 г. падчас ранішняй св. Імшы. Іх, паводле Пантыфіка, прадстаўляюць Езус, кніжнікі, святар Гэлі і яго два сыны, таксама святары. Аднак сёння гаворка будзе ісці не пра зерне, а пра сейбітаў, якія павінны распаўсюджваць Нябеснае Валадарства. А калі дакладней: пра нас, вернікаў.
Пачнем з вобраза “святар Гэлі” і “яго сыны”. Я спачатку не зразумеў, аб якім Гэлі кажа папа, але потым знайшоў гэтага чалавека, двух яго сыноў і Ганну ў пачатку першай кнігі Самуэля.
“Старазапаветны святар, - адзначыў Папа, - быў прадстаўніком веры, лідэрам веры, але яго сэрца не адчувала дабрыні. Ён сустракае Ганну, якая ў роспачы прасіла Бога аб дзіця мужчынскага полу. Яна малілася, як моляцца пакорныя людзі: проста, але ад сэрца, з сумам. І стары Гэлі паглядзеў на яе і сказаў: “Дакуль будзеш п’яная?”, і зрабіў гэта з пагардай”.
Гэта вобраз чалавека, які заўсёды ў храме, хто выконвае большасць касцёльных загадаў, хто сапраўды не дрэнны. Але ў яго няма дабрыні. Такой простай, звычайнай дабрыні. Адсутнасць дабрыні асабліва відаць, калі людзі робяць заўвагі. Можна зрабіць заўвагу пасля якой не становіцца радасна, аднак жаданне штосьці рабіць не пакідае. Можна зрабіць заўвагу такім чынам, што чалавеку пазней хоць не жыві. Такія людзі не маюць шмат дабрыні. Я таксама сярод іх. З гэтым жыць можна, але шансаў, што праз сустрэчу з такім католікам хтосьці навернецца і зменіць сваё жыццё, практычна няма.
“Дзеці Гэлі, - дадаў Святы Айцец, - былі святарамі, але рабаўнікамі. Яны выкарыстоўвалі людзей, карысталіся міласцінай і дарамі, за што Пан іх моцна пакараў. Яны дэманструюць мадэль “хрысціянства сапсутага”. Мне здаецца, што паводзіны Хофні і Пінхаса можна звязаць з адсутнасцю дабрыні ў айца, у таго хто іх выхаваў. Гэта вобраз хрысціяніна сапсутага, таго, хто добра ведае традыцыі і калісьці выконваў іх, але не ўбачыў у гэтым прысутнасці Бога. Калі ж гэта святар, біскуп, ці хто-небудзь хто мае аўтарытэт у касцельнай супольнасці – тады гэта драма.
Ёсць яшчэ кніжнікі і фарысеі, як вобраз тых, хто таксама бачыць ў Касцёле розныя добрыя рэчы, але толькі не прысутнасць Божую. Яны яе калісьці бачылі, потым згубілі. Яны думаюць, што вера – гэта спосаб на прапаведванне, навучанне. У гэтым выпадку драма ў тым, што праз іх таксама Бога не сустрэць. Кніжнікі і фарысеі як быццам «б'юць народ палкамі», - сказаў Папа, - прымушаючы іх выконваць мноства прадпісанняў. А Езус кажа ім, што так яны закрываюць браму Нябеснага Валадарства: самі ў яго не ўвойдуць і іншых не пускаюць.
А Езус? Ён не нясе новае вучэнне, але нясе спосаб ажыццявіць гэта ўсё, па-новаму. Ён “шукае сэрца асобы”, набліжаецца да параненага сэрца. Езус шукае не вучэнне, не карысць, а сэрца.
У большасці выпадкаў мы з’яўляемся той брамай, праз якую людзі прыходзяць да Бога. Няхай жа Езус прыйдзе і ўратуе нашыя сэрцы, бо інакш іншым будзе вельмі цяжка сустрэць праз нас Бога.
Вова Крупенка