Наш шаноўны блогер, Уладзімір Крупенка, пасля вяртання з Страсбургу, дзеліцца з чытачамі grodnensis.by сваімі ўражаннямі ад сустрэчы Тэзэ.
Прыйшлося ўстаць вельмі рана, каб паспець на св. Імшу перад нашым ад’ездам. Слова, якое мы там атрымалі, было прарочае: “Хто ж вытрывае да канца, будзе збаўлены” (Мц. 10,22). Прагучала неяк грозна, але з надзеяй. Пасля св. Імшы, мы ўселіся на свае месцы, даверылі нашую дарогу святым і Марыі і паехалі ў Страсбург, на маю першую сустрэчу Тэзэ.
Кожны пачаў шукаць сабе справу, каб як-небудзь заняць час у дарозе: хтосьці чытаў, хтосьці размаўляў. А мяне на роздумы пацягнула: паўставалі пытанні, на якія раней адказаць проста не было часу. Першым падумалася: што такое малітва ў духу Тэзэ? У мяне шмат сяброў было на гэтых зімовых сустрэчах, але я не мог прыпомніць ніводнага расповеду, які б мне выразна растлумачыў, што ж гэта за малітва такая. Памятаю, што было ім класна, што сем’і былі цудоўныя, што пазнаёміліся адзін з адным лепей, што маліліся неяк незвычайна, што шмат было спеваў і малітвы ў цішыні. Але пачуць штосьці канкрэтнае мне не пашчасціла.
Па дарозе мы ночылі ў маленькім польскім Бардо. Адтуль запомніліся тры рэчы: гасціннасць айцоў, якія нас прымалі, неверагодная прыгожосць мястэчка (знаходзіцца яно амаль у гарах) і ружанцовыя капліцы, да якіх мы пайшлі ўжо ў поўнай цемры. Насамрэч, было крыху страшна, бо папёрліся мы дакладна не ведаючы дзе іх шукаць, ды і месца тое было ў лесе і ніхто не ведаў, дзе яно знаходзіцца. Пасля прыгоды з каплічкамі, мы пашпацыравалі трошкі па Бардо. Аднак усё гэта не заглушыла майго роздуму над малітвай Тэзэ. Да гэтага яшчэ й падумалася: якая мэта гэтых сустрэч і хто гэта такія, белыя браты з Тэзэ?
Наступны дзень быў сапраўды цікавы: паслухалі апавяданні мясцовага пробашча пра цудатворную фігурку Маці Божай, пазнаёміліся з горадам Вроцлаў і ўвечары адправіліся непасрэдна ў Страсбург.
Рэгістрацыя. Чарга ў тысячу чалавек. Нарэшце – я ужо ўдзельнік, прычым не просты, а належу да працоўнай групы (гэта калі цябе селяць бліжэй цэнтра, але за гэта ты выконваеш пэўныя абавязкі для супольнасці і маеш менш вольнага часу).
Пасля засялення ў сям'ю і той самай працы для супольнасці, з-за якой я спазніўся амаль на поўгадзіны на сустрэчу, я трапляю на тую самую малітву Taize. І ведаеце што? Я на ёй не памаліўся. Цяжка і амаль што немагчыма сканцэнтравацца ў памяшканні ў якім сядзіць больш за 7 тыс. чалавек. Кожнаму вось цяпер трэба пакашляць, пакруціцца, альбо збірацца на аўтобус, які павязе іх на месца начлегу. Магчыма сканцэнтравацца ў такіх умовах можна, але мне не ўдалося. Вырашыў: не малюся, дык тады буду спяваць. Аднак, калі б я ведаў нямецкую ці французскую мову, то можа і паспяваў бы. Таму і з гэтага майго прагнення нічога не атрымалася. Узнікла лагічнае пытанне: што ж я тут раблю? Я дабыў да канца і спакойна пайшоў дадому. Ідучы цёмнымі вуліцамі зімовага горада, дзіўна, але адзінае, што засталося ў памяці, гэта постаці тых белых братоў, якія непарушна сядзелі ў цэнтры зала. Калі іх мэта– адзінства хрысціян паміж сабой, то яны пайшлі на вельмі рызыкоўны крок. Яны прыдумалі новы спосаб малітвы, пакінуўшыў ёй толькі самае асноўнае: Слова Божае, крыж, спеў і цішыняю. У чым рызыка? Ды ў тым, што, калі прыдумваецца нешта новае, бывае так, што гэта можа нікому не спадабацца. Перад сном – вялікі кубак гарбаты, файная гутарка за сталом і пошук Гродна на французскай мапе. З гэтым я і пайшоў адпачываць.
У наступныя дні парадак уключаў у сябе ранішнюю малітву ў парафіях, дзяленне на малыя групы, адну ці дзве агульныя малітвы і тэматычнае спатканне. Аднак тут не хапала аднаго. У раскладзе не хапала св. Імшы. Прычым кожны дзень. Можа я зусім ужо зрабіўся традыцыяналістам і не маю жадання прымаць нічога новага, але яна мне не спадабалася. Пасля гэтай сустрэчы я па-новаму ўбачыў багацце і прыгажосць традыцыі, якую мы маем у нашым Касцёле. І ведаеце што? Першае, куды я пайшоў пасля прыезду з Taize, гэта на св. Імшу.
Хоць у нас быў шчыльны графік, але мне ўсё-такі ўдалося ўбачыць таксама й Страсбург і пакатацца на водным трамваі па цэнтры горада. Зайздрошчу тым, хто быў на версе катэдры і бычыў Страсбург з вышыні. У апошні дзень наш аўтобус адпраўляўся пазней, чым усе групы, і таму было трохі часу прайсціся па сувенірных крамах і пашукаць цікавыя падарункі для сяброў.
Я, як сквапны беларус, сабраў усе матэрыялы, якія раздаваліся на сустрэчы, і прывёз іх дадому. Зразумела, дадому я прывёз яшчэ віна, сыра, шакаладных цукерак і іншых гасцінцаў. Але галоўнае, што я прывёз ў Гродна, гэта жаданне часцей быць на св. Імшы.
P.S. Не магу не прадставіць вам мае любімыя ўрыўкі лістоў бр. Алоіса. Гэтыя разважанні падобныя на звычайныя казанні. Падчас сустрэчы, яны чыталіся адначасова ва ўсіх памяшканнях, дзе ішла малітва. У гэтых лістах, я ўбачыў такую руплівасць да адзінства, якую сустракаў толькі ў Папы:
Наша вера ў гэтую любоў Божую не можа заставацца смутным пачуццём, якім мы ніколі не насыцімся. Наша вера павінна пасталець.
Мы збіраемся разам не каб стаць мацней, але каб быць вернымі Хрысту, ціхаму і пакорліваму сэрцам.
Давайце рабіць разам з хрысціянамі іншых дэнамінацый ўсё, што толькі магчыма рабіць разам; давайце не рабіць нічога, не прымаючы да ўвагі іншых.
Ці не надышоў час нам праявіць адвагу і сабрацца ўсім разам пад адным дахам, не чакаючы поўнага згоды адносна ўсіх багаслоўскіх фармулёвак?
Уладзімір Крупенка