Дарагія сябры! Хвала Езусу, чый Дзень Нараджэння мы вось-вось ужо будзем святкаваць! Не ведаю, вялікая ці не, але есць патрэба зрабіць маленькую рэфлексію, неяк падсумаваць усё тое, што было запісана ў гэты блог ужо амаль больш чым за тры месяцы.
За гэты час у мяне з’явілася мара, можа трошкі і смешная, але ўмацаваная тым, што для Бога няма нічога немагчымага: пасядзець разам з біскупам Рыма за адным сталом і папіць гарбаты. Ён дзіўны чалавек, але яшчэ больш дзіўны Бог, які можа са звычайных людзей рабіць такія цуды.
Пераходжу да канкрэтыкі: у Папы Францішка незвычайна чулае сэрца да ўсяго таго, што адбываецца ў свеце і каля яго. Адначасова ў Яго ёсць вялікая ласка не зацыклівацца на нечым адным, адказваючы даволі сваечасова актуальным патрэбам. Здарылася штосьці добрае: хвала Пану!, штосьці дрэннае: будзем хвалявацца, але не вельмі моцна, памятаючы, што Бог з Намі. Гэта цудоўна.
Віншую вас з Нараджэннем Хрыстовым! Хачу пажадаць, каб, як дрэнна ці добра вам не было б, думка аб тым, што Бог сапраўды з намі, ніколі вас не пакідала. І мне здаецца, калі пра гэта заўсёды памятаць, тады сумна не бывае, тады жыццё – гэта адно вялікае свята сэрца. А калі наконт гэтага з'яўляюцца нейкія сумневы – глядзіце на Езусаў крыж.
Углядаючыся на Бога ў яслях, папросім у Духа Святога патрэбных ласк, каб дазволіць Езусу быць маленькім, дазволіць Яму ісці такой дарогай у тваім жыцці, якую ты зразумець не можаш…
Уладзімір Крупенка