Тваё сэрца прагне прабачэння? Маё, напрыклад, прагне толькі тады, калі я сапраўды нешта злое зраблю, калі ўвесь мой сусвет, ўсё сумленне будзе раўці супраць мяне. А ці прагне яно з прычыны невялікага, штодзённага, такога звычайнага і амаль што непрыкментага зла?
Магчыма і не, і не трэба на гэтым спыняцца. Галоўнае, каб мы пры ўсім гэтым не забыліся пра Яго крыж і Яго раны, бо ў іх сапраўды відаць, хто каго хоча прабачыць.
На агульнай аўдыенцыі 20 лістапада наш Папа закрануў тэму адпушчэння грахоў у кантэксце так званай “улады ключоў”. Папа падкрэсліў, што перш чым “падарыць Духа, Езус паказаў свае раны”, якія “уяўляюць сабой кошт нашага збаўлення”. Святы Дух прыносіць нам Божае прабачэнне, “праходзячы праз” раны Езуса, адзначыў Папа.
Дакладна такая паслядоўнасць: спачатку ўбачаць раны, а потым прымуць Святога Духа і служэнне. Калі мы не ўбачым таго вялікага кахання, з-за якога Бог пайшоў на крыж, то тады і зрабіць у гэтым свеце нічога не зможам, і куды там, сам з сабою не дамовішся.
“Гэта дар, клопат, абарона, а таксама ўпэўненасць у тым, што Бог мяне прабачыў!”
А вось гэты факт сапраўды не можа не цешыць. Колькі разоў кожны з нас пасля споведзі пытаў сябе: Ці сапраўды Бог мяне прабачыў? А Бог адказвае: сапраўды. І канец. А чым скончваюцца такія ж пытанні, напрыклад, у пратэстантаў, я і ўявіць не магу. Тое, што Езус дае дар прабачэння праз чалавека - моцная абарона, абарона ад нашых сумненняў, ад любові занадта капацца ў сабе.
Францішак заклікаў не баяцца прыступаць да сакрамэнту споведзі, памятаючы, што Бог не стамляецца прабачаць грэшнікаў. Ён адзначыў, што варта “адзін раз пачырванець” вызнаючы грахі, каб атрымаць прабачэнне і працягваць ісці наперад.
Каму споведзь не патрэбна? Перад гэтым усе мы роўныя, няма тут першых і апошніх. “…Такое наша жыццё: уставаць і нанова пачынаць шлях”, - сказаў Святы Айцец.
Уладзімір Крупенка