Не ведаю чаму, але калі штосьці дрэннага здараецца не ў мяне ці маіх блізкіх, то тады я гэтую звестку амаль што не прымаю. Прымаю, але неяк яна ўсё ж далека, яна толькі нейкая інфармацыя, нічым не большая за другія звесткі, якія мы атрымоўваем на працягу дня.
Можа і ў вас гэтак жа? Узгадайце, калі вы апошні раз дапамаглі якой-небудзь з тых сотняў жанчын з дзецьмі інвалідамі, якія ўсялякімі спосабамі шукаюць грошы і хоць якую-небудзь дапамогу для сваіх хворых дзяцей? Узгадайце, калі вы апошні раз заўважылі якую-небудзь патрэбу не вельмі блізкага вам чалавека і дапамаглі яму?
Не маю жадання весці размову пра тое, колькі разоў у месяц трэба камусьці дапамагаць. Хочацца толькі сказаць, што мы развучыліся суперажываць з іншымі, забыліся, як выглядае салідарнасць.
Чулае да патрэб іншага чалавека сэрца – гэта дар, вялікі дар, аб якім варта прасіць, бо дапамога патрабуючым напаўняе нашае жыцце незвычайнай радасцю, нейкім сапраўдным сэнсам.
Мне здаецца, калі трэба каму-небудзь дапамагчы, чалавек павінен прайсці праз тры “дзверы”: пачуць, вырашыць, зрабіць. Калі што-небудзь амінуць, тады дабра не атрымаецца, атрымаецца абы-што ці ўвогуле нічого не выйдзе.
Два тыдні таму, 8 лістапада, на Філіпіны абрушыўся тайфун “Хаян”, ад якога пакутуюць каля 10 мільёнаў жыхароў ціхаакіянскіх астравоў. Гэты тайфун лічыцца самым вялікім у гісторыі. Наш пантыфік не застаўся абыякавым да пацярпелых на гэтых астравах, была накіравана фінансавая дапамога. Не ведаю, як прымалася гэтае рашэнне, але цудоўна, што не вельмі доўга.
Толькі ўявіце: колькасць пакутуючых каля 10 мільёнаў. Гэта больш, чым колькасць жыхароў у нашай краіне.
Памолімся аб тым, каб нашыя сэрцы не маглі быць абыякавымі да чужога гора і аб тых, хто зараз пакутуе на гэтых ціхаакіянскіх астравах.
Уладзімір Крупенка