Як паведамляе радыё Апостальскай Сталіцы:“Ватыканскі іерарх занепакоены сыходам з манаскіх супольнасцяў”.
І добра, што занепакоены. Я ўпэўнены, што не толькі ён адзін, а большасць усіх іерархаў. Мне здаецца, гэта толькі вярхушка вялікага айсбергу, што адыходы з манаскіх супольнасцяў – вынік працэсаў, якія зараз адбываюцца вакол нас. Мяркую, што нашыя іерархі разумеюць гэта. Другая справа, што гэтае ўсё, не вельмі добрае, адбываецца ў табе і ў ва мне. А калі на гэта не звяртаць увагі, то далёка не дойдзем.
У артыкуле пад назвай - “Крызіс манаскіх пакліканняў? Вінаваты зэпінг” былы генеральны настаяцель Ордэна францішканаў напісаў, што многія людзі ўхіляюцца сёння ад доўгатэрміновых абавязацельстваў, баяцца іх. Мяне вельмі зацікавіла, што такое зэпінг і з чым яго ядуць.
У двух словах. Зэпінг – гэта нервовая хвароба, якая ў большасці праяўляецца, калі чалавек пачынае бесперапынна пераключаць тэлевізійныя каналы, г.зн. чалавек не можа вытрымаць занятку адной дзейнасцю. У людзей з такой хваробай вельмі шмат старых спраў застаюцца з прыстаўкай неда: недавучыўся, недапрацаваў, недавытрымаў і недачакаўся. Такая логіка абыходзіць цяжкія моманты, моманты калі Бог хоча здзейсціць які-небудзь цуд, ці навучыць цябе пакоры, альбо калі прапануе свой крыж і цярпець разам. Лічу, што сапраўдныя прыгоды з Панам пачынаюцца адразу пасля таго, калі ты вырашыў быць верным Яму незалежна ад таго, добра табе ці дрэнна, утульна ці страшна.
Тое, што дзееца з членамі манаскіх супольнасцей, дакладна назваў польскі іерарх Марэк Солярчык: “Мы маем справу не з крызісам пакліканняў, але з крызісам пакліканых”. А гэты крызіс сам па сабе не знікне, ён патрабуе малітвы і працы.
Уладзімір Крупенка