Хрысціяне, якія сталі вучнямі ідэалогіі – гэта з’ява вельмі распаўсюджаная. Я таксама часамі пачынаю хадзіць не за Хрыстом, а з ідэалогіяй. Злому, які ў сучасным жыцці ўсё часцей і часцей карыстаецца гэтай прыладай, вельмі яна падабаецца, бо адварочвае чалавека ад Бога павольна, вельмі няспешна.
Ёсць шмат прыкмет, па якім бачна, што з чалавекам робіцца нешта нядобрае. Гэтыя прыкметы бачныя ўсім, акрамя самога чалавека. Вось, напрыклад: у тваім духовым жыцці інфармацыі стала больш, чым рашэнняў, альбо проста немагчыма не злавацца на бліжняга з-за яго недахопаў, а тым больш прыняць яго такім, які ён ёсць. Але толькі звярнуўшы ўвагу на тое, як выглядае наша малітва, мы можам зразумець, куды насамрэч ідзем.
Пантыфік кажа пра малітву наступнае: “Я кажу маліцца, а не чытаць малітвы, таму што кніжнікі чыталі шмат малітваў”. Папа Францішак нагадаў заклік Хрыста маліцца не навідавоку, а “зачыніўшыся ў пакоі”. Мне падаецца, што нашая малітва гэта штосьці большае, чым мы сабе ўяўляем. Малітва – гэта карані нашых зносін, гэта пачатак нашай з Богам прыгоды. Такія “цяжкія хваробы” трэба лячыць пачынаючы з каранёў. Гэта хвароба сапраўды цяжкая, у яе вельмі шмат наступстваў: “яна пужае людзей, праганяе іх і аддаляе ад Касцёла”.
Святы Дух, не дай нам страціць Езуса, прамяняць Яго блізкасць на нешта іншае. Дапамажы не перастаць маліцца і, такім чынам, не страціць веру. Дапамажы не губляць пакоры, каб не закрыць шлях Пану.