Цяпер наш Папа накіраваў сваё слова да біскупаў і сказаў: “Біскупы павінны быць пастарамі з “запахам авечак”, мець сэрца адкрытае для ўсіх, пазбягаць “княжацкай псіхалогіі” і кар’ерызму, а таксама выходзіць на перыферыі існавання, дзе ёсць пакута, адзінота і чалавечая дэградацыя.”
Пастар з “запахам авечак” гэта нешта вельмі файнае, гэта паказвае, якой павінна быць сувязь, якую біскупы будуюць паміж сабой і Касцёлам. Вось толькі ўявіце сабе: прыйшоў да лекара, чакаеш сваёй чаргі, а тут прыходзіць біскуп і пытае: “хто апошні?”; альбо так жа, толькі ў краме ці дзесьці яшчэ. Трохі смешна, але Папа кажа вельмі дакладна: “Вы жаніхі вашай супольнасці, глыбока звязаныя з ёй! Я прашу вас, калі ласка, заставацца сярод вашага народу.”
Калі не будзем праводзіць час з сваёй супольнасцю, тады яна проста звяне; яна будзе працягваць сваё існаванне, але плёну не будзе. І гэта датычыцца не толькі біскупаў.
Мне здаецца, цяжка тлумачыць і таксама разумець пытанні, якія тым альбо іншым бокам датычацца Неба. Але пытанні свету таксама не даюць простых адказаў. І той чалавек, які добра разумее Неба, але таксама і свет, толькі ён сапраўды можа разумець Бога і рабіць нешта плённае.