Skip to main content

Называць рэчы сваімі імёнамі - цудоўны дар

pope 1248270 1280Ёсць у нашага Папы цудоўны дар: называць рэчы сваімі імёнамі, нават, калі гаворка ідзе аб такіх складаных з’явах, як грошы. Можа мне здаецца, але нямногія ў гэтых адносінах могуць знайсці Бога.

Пантыфік дакладна апісвае наш шлях духоўнага аслаблення грашыма:

"Грошы таксама спрыяюць паслабленню нашых думак, а нават веры, і прымушаюць нас ісці іншым шляхам. Казаць пустыя словы, весьці бескарысныя дыскусіі... з якіх нараджаюцца зайздрасць, сваркі, паклёпы, дрэнныя падазрэнні і канфлікты паміж людзьмі разбэшчанымі ў розуме, пазбаўленымі праўды, якія лічаць нават рэлігію крыніцай прыбытку".

Тры прыступкі адной лесвіцы: багацце, пыха і ганарыстасць, па якіх уверх не падымешся, а толькі ўніз.

Францішак і Езус вельмі адназначна выказваюцца ў адносінах да матэрыяльных выгод: "Немагчыма служыць Богу і мамоне".

А служыць грашам, гэта як? Мне вось, шчыра кажучы, цяжка ўявіць, як гэта рабіць. Заробак мой  крыху вышэй мінімалкі. Цяпер, напрыклад, у мяне няма грошаў ужо на працягу амаль што двух тыдняў з моманту, калі я іх атрымаў, і гэта з улікам, што я жыву з бацькамі. Паводле мяне, на самой справе, малая колькасць грошай, улічваючы сітуацыю ў нашай краіне, можа стаць таксама прычынай таго, каб пачаць служыць гэтаму ідалу.

Вельмі часта з'яўляюся сведкам, ды і што там, удзельнікам, размоў на тэму: "Колькі атрымліваеш?". І немагчыма не заўважыць, не адчуць гэтае ўсеагульнае жаданне скардзіцца на колькасць нулёў ў заробку, якому не паддацца вельмі цяжка. І ты скардзішся, вельмі пакрыўджаны, вытрымліваючы лірычныя паўзы, з ненатуральнай глыбінёй у голасе, пра тое, што мала. Ну ты ж ведаеш, што варты лепшага, і тое, чаго не хапае матэрыяльна, выказваеш эмоцыямі.

Каб грошы сталі ідалам, па сутнасці, іх не трэба шмат, дастаткова толькі майго жадання.

Папросім Бога, каб нашыя сэрцы былі чыстымі і іх жаданні толькі добрымі.

Рэдагавана: 24 Лютага 2017